Мінская міліцыя адмовілася заключаць дамову з арганізатарамі Дня Волі

Арганізатарам святкавання Дня Волі ў Мінску прыйшоў адмоўны адказ з міліцыі на іх просьбу заключыць дамову. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Дзень Волі-2016

Дзень Волі-2016

У ГУУС Мінскага гарвыканкама аргументавалі сваю адмову тым, што на фоне пандэміі каронавіруса і заклікаў шэрагу «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы правядзенне масавага мерапрыемства не ўяўляецца магчымым.
Апратэставаць рашэнне ў судзе да 25 сакавіка нерэальна праз абмежаваныя тэрміны, мяркуе Кастусёў, і гэта азначае, што афіцыйны дазвол гарвыканкама заяўнікі наўрад ці атрымаюць.
9 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Рух «За свабоду» і грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэньне» падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу, прысвечаных Дню Волі.
Ужо тады яны сутыкнуліся з нежаданнем асобных дзяржаўных структур ісці насустрач. Так, атрыманне дазволу на масавую акцыю наўпрост прывязалі да пагадненняў на яго «абслугоўванне» з боку міліцыі, камунальнікаў і медыкаў. Насустрач пайшлі толькі апошнія.
Напярэдадні ў Мінску затрымалі старшыню БСДП Ігара Барысава. Ён дастаўлены ў ізалятар на Акрэсціна і чакае суду па адміністрацыйнай справе, сутнасць якой паплечнікі ўдакладняюць.
Няшмат аптымізму і ў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У размове са «Свабодай» ён не выключыў, што наступным у ліку затрыманых можа аказацца або ён або другі заяўнік Юрась Губарэвіч.
Раней старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель заяўляў, што спецслужбам вядома пра «спробы дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне» 25-27 сакавіка. У сваю чаргу, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў, што ўсялякія несанкцыянаваныя акцыі будуць жорстка спыненыя, як і падчас выбарчай кампаніі.
Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчана 25 сакавіка 1918 года. Гэты дзень апаненты дзеючага рэжыму адзначаюць як Дзень Волі. На 100-гадовы юбілей улады дазволілі вялікі мітынг-канцэрт на пляцоўцы каля Опернага тэатра. У іншыя гады акцыі жорстка душыліся.