Чаго чакаць ад 25 сакавіка?

Шчыра адказваю: не ведаю. Ёсць здагадкі і думкі, але я не хачу іх агучваць хоць бы дзеля таго, каб яны не паўплывалі на чыйсьці настрой.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo_1.jpg


Але ёсць адна рэч, якую я ведаю, — дакладней, перакананы, што ведаю. Асацыяваць так чаканую многімі другую хвалю пратэсту і магчымыя перамены з канкрэтнай датай, няхай гэта будзе 25 сакавіка ці любая іншая, — велізарная памылка або, як варыянт, вынік наўмысных інфармацыйных маніпуляцый з боку спецслужб.
Восенню і зімой, калі стала відавочна, што пратэст ідзе на спад, пра другую хвалю вясной загаварылі многія. Я не памятаю, каб хтосьці асацыяваў рэнесанс масавых акцый менавіта з 25 сакавіка, — такога ў прынцыпе не было. Пісалі і казалі пра тое, што пройдзе кавід, стане цёпла, прыйдуць эканамічныя цяжкасці як дадатковы фактар — пра шматлікія магчымыя прычыны, але не пра тое, што будзе нейкая дата і — бац! — усё здарыцца менавіта ў гэтую дату. Як у Новы год.
Апошняя спроба падагнаць актывізацыю пратэсту пад канкрэтны дзень была звязаная з абвяшчэннем «агульнанацыянальнай забастоўкі» 26 кастрычніка і скончылася, будзем шчырымі, даволі правальна: у страйк пайшоў у асноўным толькі прыватны бізнес, многія прадстаўнікі якога пасля жорстка за гэта паплаціліся. Акцыя не набрала моцы, не прынесла чаканага выніку і вельмі прадказальна выклікала хвалю дэпрэсіі ды дэматывацыі — і можна з вялікай доляй упэўненасці казаць, што менавіта з гэтага моманту масавыя пратэсты пайшлі на спад. Не трэба быць сямі пядзей у ілбе, каб разумець: калі 25-га раптам не атрымаецца, а чаканні ад гэтага дня будуць высокімі, — гэта стане пачаткам не другой хвалі пратэсту, а другой хвалі дэмаралізацыі.
Другі момант, звязаны канкрэтна з 25 сакавіка. Сапраўды, як пішуць і кажуць многія, гэтая дата — сакральная для нацыянальна-арыентаваных людзей. Аднак уладай незадаволеныя значна больш шырокія колы, многія прадстаўнікі якіх наогул не задаюцца пытаннямі культурнай і цывілізацыйнай прыналежнасці. Ніхто не спрачаецца, што спроба — калі такая мае месца быць свядома — з’яднаць усю нацыю пад сцягам барацьбы з сістэмай менавіта на аснове нацыянальнай ідэі, глядзіцца добра, аднак пытанне: ці гатовыя да гэтага беларусы?
Я думаю, што ўсім цяпер важна разумець: 25 сакавіка сапраўды можа быць днём, калі незадаволеныя ў чарговы раз прадэманструюць, як іх шмат. І — пры ўдалым збегу акалічнасцей — можа стаць днём, з якога стартуе новы віток барацьбы. Гэта можа быць, гэтага нельга выключаць.
Але не варта «вастрыць» сябе на тое, што гэта павінна адбыцца «зараз ці ніколі». Летнія і восеньскія пратэсты пазбавілі сістэму легітымнасці, падкасілі яе рэсурсы, аднак не змаглі яе знесці. Цяпер, выкарыстоўваючы тыя сілы, што засталіся, улада люта змагаецца з незадаволенымі, спрабуючы цалкам іх дэмаралізаваць, месцамі і часам нават перахопліваючы ініцыятыву. На кароткай дыстанцыі гэта прыносіць пэўны поспех, аднак у перспектыве сістэма ўсё роўна асуджаная: пазбаўленая як унутранай, так і знешняй легітымнасці, яна цяпер існуе ў рэжыме штодзённага інстытуцыйнага паслаблення, працуюць працэсы, падобныя да карозіі. Карозія раз’ядае нават тыя канструкцыі, якім не могуць даць рады нават буйнакаліберныя снарады — з гэтым нічога не зробіш.
Момант, калі пратэст зноў паднімецца і рэальна змяце зношаныя механізмы рэжыму, безумоўна, наступіць. Аднак дату яго ніхто не ў сілах прадказаць. Тут павінны сысціся некалькі фактараў. Пратэст павінен выспець да стану, калі воля да перамогі і справядлівасці, эмоцыі стануць мацнейшымі за асцярогі за сваю долю ў выпадку няўдачы. Ён павінен здэтанаваць пад уплывам нейкага магутнага імпульсу. Ён павінен не сутыкнуцца лоб у лоб з мабілізаванай сілай, а з сапраўды слабым праціўнікам.
І самае галоўнае: людзі ў гэты момант павінны быць поўныя веры. Адно ў аднаго і ў выніковы поспех. Не згубіць гэтую веру — адна з галоўных задач.