«Можа быць выкарыстана для дыскрэдытацыі». МУС адмовілася дзяліцца статыстыкай па артыкуле 23.34

У сеціве апублікавалі пэтыцыю з просьбай да МУС апублікаваць статыстыку па колькасці асуджаных за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Зварот падпісалі 34 асобы.

e87fbbda55b2c1b499b8979ccfd485c3.jpg

Аўтары петыцыі адзначаюць, што раней на сайце МУС друкавалася статыстыка аб колькасці правапарушэнняў, аднак з 2019 года гэты раздзел не абнаўляецца.

Нядаўна яны атрымалі адказ, падпісаны намеснікам міністра МУС Генадзем Казакевічам, піша reform.by.

З адказу вынікае, што дзейнасць органаў унутраных спраў павінна быць галоснай, калі толькі справа не тычыцца пытанняў, якія могуць складаць дзяржаўную таямніцу, а той, хто звярнуўся, мае права атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць важную для іх інфармацыю згодна з 34-м артыкулам Канстытуцыі. Пасля гэтага ў адказе ідзе тлумачэнне: што такое інфармацыя адкрытая, і што такое інфармацыя, распаўсюджванне якой абмежавана. Да апошняй адносяць персанальныя дадзеныя, банкаўскую, камерцыйную і іншую таямніцы, а таксама службовую інфармацыю некаторых катэгорый. Падрабязна распісана, якім чынам павінна размяшчацца інфармацыя на сайтах дзяржорганаў.

Але ў канцы сказана, што запытаная інфармацыя можа быць выкарыстана для дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады, а яе распаўсюджванне можа аказаць негатыўны ўплыў на стан правапарадку ў краіне. Больш таго, яе могуць выкарыстоўваць для заклікаў здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. А таму, мяркуюць у МУС, інфармацыя адносіцца да катэгорыі абмежаванага распаўсюджвання, і даць яе нельга.