Музыка Ігар Банцэр не выйшаў на волю пасля 15 сутак на на Акрэсціна

Пра гэта «Св*бодзе» паведамілі яго сваякі. Яны лічаць, «задача ў сістэмы — пераканаць Ігара не заставацца ў Беларусі».

photo_2022_08_20_15_23_56.jpg

Ігар Банцэр раней неаднойчы заяўляў, што з'язджаць з Беларусі не хоча, дзеля таго, каб застацца, ён гатовы сядзець у турме.

На якой падставе музыка застаецца за кратамі, невядома.

Ігара Банцэра ўжо затрымлівалі і судзілі пасля жніўня 2020 года. У верасні 2020 года перад міліцэйскай машынай ён выканаў танец — міліцыянты сцвярджалі, што Банцэр быў без майткоў. Сам жа ён казаў, што гэта быў перформанс і на ім былі стрынгі.

19 сакавіка 2021 года Банцэру прысудзілі 1,5 года «хіміі» паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу.

У зняволенні музыка двойчы галадаваў. Падчас суда Банцэр трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд. 19 дзён ён галадаваў на вадзе ўлетку 2021 года. Гэта моцна пагоршыла ягонае здароўе, а пасля выхаду з турмы ў яго выявілі гепатыт С.

Пасля вызвалення з хіміі ў снежні 2021 года гродзенскі музыка і саліст панк-гурта «Mister X» заявіў, што з'язджаць з краіны не плануе: «У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме».