МЗС адсочвае сітуацыю з асуджаным у Расіі беларусам Кірылам Сілівончыкам
Пасольства Беларусі ў Маскве адсочвае сітуацыю, звязаную з асуджаным у Расіі беларускім грамадзянінам Кірылам Сілівончыкам.
Пра гэта паведаміў на брыфінгу 23 красавіка ў Мінску прэс-сакратар МЗС РБ Дзмітрый Мірончык, перадае БелаПАН.
22-гадовы Кірыл Сілівончык, які працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе, быў прысуджаны Маскоўскім акруговым ваенным судом да 2 гадоў калоніі-пасяленьня за заклікі вярнуць Крым Украіне. На сваёй старонцы ў сацсетцы ён размяшчаў тэксты і малюнкі ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай палітыкі. Ён быў прызнаны вінаватым па артыкуле 205.2 Крымінальнага кодэкса РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму).
Як паведаміў прэс-сакратар МЗС, апавяшчэнне аб выкананнi працэсуальных дзеянняў у дачыненні да Сілівончыка было атрымана пасольствам Беларусі ў Расіі ад кампетэнтных органаў у студзені 2015 года.
«Пасольства Беларусі адсочвае дадзеную сітуацыю. За консульскай дапамогу ў сувязі з парушэннем правоў і законных інтарэсаў Кірыла Валер'евіча Сілівончыка яго законныя прадстаўнікі, сваякі не звярталіся», — сказаў Мірончык.
Па словах адваката Сілівончыка Юліі Баранец, яе падабаронны вырашыў не абскарджваць прысуд. Сілівончык - інвалід трэцяй групы з дзяцінства. Фармальна ў часе суду беларус прызнаў сваю віну. Па словах адваката, гэта дало магчымасць правядзення працэсу ў спрошчаным парадку і па паскоранай працэдуры і, у сваю чаргу, прывяло да максімальна мяккага з магчымых прысудаў.
Тым часам у інтэрнэце пачалася кампанія салідарнасці з асуджаным беларусам.