Асуджаны ў Расіі беларус дзякуе за падтрымку

Некалькі гадзін таму з Кірылам Сілівончыкам сустрэўся адвакат. Кірыл прызнае, што парушыў законы РФ і гатовы цалкам адбыць прызначанае судом пакаранне.



silivonchyk2_2304.jpg

Як паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбук» актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Юхневіч, абскардзіць прысуд Кірыл не збіраецца.

«Настрой у яго баявы. Ён быў вельмі здзіўлены увагай да сябе і глыбока ўдзячны ўсім каму неабыякавы яго лёс. На дадзены момант ён чакае этапу ў калонію-паселішчы. Этапаванне можа адбыцца ў любы дзень. Асабіста ў мяне, такая пазіцыя Кірыла выклікае глыбокую павагу. Я думаю, яму будзе вельмі прыемна атрымліваць лісты і тэлеграмы ад усіх тых, хто за яго перажывае. І яшчэ: па яго словах, ён асуджаны за рэпост», — напісаў Юхневіч.

Нагадаем, 22-гадовы Кірыл Сілівончык, які працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе, быў прысуджаны Маскоўскім акруговым ваенным судом да 2 гадоў калоніі-пасяленьня за заклікі вярнуць Крым Украіне. На сваёй старонцы ў сацсетцы ён размяшчаў тэксты і малюнкі ў падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай палітыкі. Ён быў прызнаны вінаватым па артыкуле 205.2 Крымінальнага кодэкса РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму).

Тым часам у інтэрнэце пачалася кампанія салідарнасці з асуджаным беларусам.

Naviny.by