На Акрэсьціна галадуюць двое: да Рубцова дадаўся Паліенка

У мінскім ізалятары на Акрэсціна знаходзіцца не меней за 24 палітычных актывістаў, якіх затрымалі у прамежку паміж Чарнобыльскім шляхам і адкрыццём чэмпіянату свету па хакеі. Таксама два актывісты адбываюць прэвентыўныя арышты ў Горадні, адзін у Слоніме і адзін у Гомелі.



970d9905_b9e8_4405_a44a_1dce67e9cd9a_w640_r1_s_cx10_cy6_cw85.jpg

Зміцер Паліенка

Пра гэта паведаміла праваабаронца з «Вясны»Наста Лойка: «Дастаткова розная інфармацыя паступае з Акрэсціна. Ведаем, што ёсць праблема з карэспандэнцыяй, бо не прыходзяць ад іх лісты, ведаем, што ёсць амаль пустыя камеры, бо Цэнтр утрымання правапарушальнікаў абсалютна ачысцілі ад алкаголікаў і дармаедаў. Там пераважна сядзелі зараз людзі, якія чакаюць дэпартацыі, і вось з імі сядзяць палітычныя. Перадаюць нам пра тую праблему, што некаторых не выводзяць з камер на праменады. У некаторых камерах няма вады, ёсць праблемы з тым, што ў камерах холадна».
  

Паводле Насты Лойкі, арыштаваны 8 траўня актывіст Зміцер Паліенка таксама абвясціў галадоўку, як і Юры Рубцоў, які сядзіць на Акрэсціна ажно з Чарнобыльскага шляху за тое, што ішоў у майцы з антылукашэнкаўскімі надпісамі.


Калі актывістаў пачнуць вызваляць з Акрэсціна? У нядзелю мусяць выйсці Мікалай Колас з Дзяржынскага раёну і масквіч Уладзімер Новікаў, якому, паводле Насты Лойкі, пагражае забарона ўезду ў Беларусь на 10 гадоў. Наступная хваля вызвалення чакаецца 16 траўня, кажа праваабаронца:


«У Менску шмат хто выходзіць 16 траўня. Гэта Леанід Смоўж, Дзяніс Карноў, Аляксандр Курбацкі, Аляксандр Стукін, Валер Тамілін, Ілля Валавік, Сяргей Пазьняк, Кірыл Ермаловіч, Аляксандр Палякоў».


Пры гэтым Наста Лойка заўважае, што ў час гэтых вызваленняў хакейны чэмпіянат будзе працягвацца, і таму нельга выключаць новых затрыманняў тых, хто выйдзе на волю. Наста Лойка кажа, што «ўсяго на Акрэсціна для палітычных было „загатавана“ каля ста „пасадачных“ месцаў».

www.svaboda.org