З калоніі «Віцьба-3» вызвалены «шпіён» Андрэй Гайдукоў

Вызваленне з калоніі «Віцьба -3» палітвязня Андрэя Гайдукова стала сапраўднай аперацыяй, арганізаванай з мэтай не дапусціць яго сустрэчу каля турэмнай брамы.



andrei_gajdukov_02.jpg

Андрэю Гайдукову загадалі пачаць збіраць рэчы а 6-й раніцы, хоць звычайна з калоніі выпускаюць у 11, а ў 7 гадзінаў яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў, перадае «Радыё Свабода».

Такім чынам ля турэмнай брамы яго сустрэць не ўдалося. Цяпер Андрэй у Віцебску, праз нейкі час збіраецца ехаць дадому ў Наваполацк. Па тэлефоне ён заявіў журналістам, што лічыць сваю крымінальную справу цалкам сфальшаванай, адзначыў, што гэта была правакацыя супраць яго арганізацыі.

Адчувае сябе нармальна, апроч іншага паведаміў, што пасля пераводу ў калонію «Віцьба -3» яго кінулі на 10 сутак у карцэр.

8 лістапада 2012 Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. 13 лістапада 2012 года Камітэт дзяржбяспекі распаўсюдзіў інфармацыю аб спыненні супрацьпраўнай дзейнасці грамадзяніна Беларусі, які займаўся зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару па заданні замежнай выведкі. У дачыненні да затрыманага была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці).

1 ліпеня 2013 года яго асудзілі па крымінальным артыкуле «спроба ўстанаўлення супрацоўніцтва са спецслужбамі, органамі бяспекі або разведвальнымі органамі замежнай дзяржавы» на паўтары гады пазбаўлення волі.