Начныя затрыманні ў Мінску

Позна вечарам 5 сакавіка ў раёне сталічнага парку Чалюскінцаў супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістку Маю Навумаву.

Наталля Гарачка Басалыга. Фота "Нашай Нівы".

Наталля Гарачка Басалыга. Фота "Нашай Нівы".

 Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла Юля Сцяпанава:

Разрываецца тэлефон — у парку Чалюскінцаў затрыманая Майя Навумава — яна расклейвала ўлёткі з інфармацыяй пра мітынг 25 сакавіка. Вязуць у РУУС Першамайскага раёна”.

Мая Навумава ехала ў аўтобусе №100. Аўтобус апярэдзілі тры аўтамабілі з мігалкамі, спынілі пасажырскі транспарт і выцягнулі Маю на вуліцу. Праз некалькі гадзін стала вядома, што яе апыталі ў міліцыі, канфіскавалі ўлёткі і адпусцілі з аддзялення, склаўшы пратакол апытання. Навумава патлумачыла, што ўлёткі знайшла на прыпынку.

У той жа вечар у Бараўлянах супрацоўнікамі ДАІ была затрыманая Наталля Гарачка Басалыга — нібыта, за няправільны пераход дарогі. Яе адвезлі ў мясцовае РУУС. Наталля паведаміла, што нічога не парушала.

Пазней яна напісала ў сацыяльных сетках:

"Я ўжо дома, адпусцілі! Было шмат званкоў у міліцыю, усе, хто там быў, размаўлялі з кімсьці па мабільніку. Потым, вышук прыплялі. Дык я ў той дзень, 28 лютага толькі з Вільні вярнулася, які вышук? Пакуль усё нармальна, узяла накіраванне на судмедэкспертызу, на плячах засталіся сінякі".

 Верагодна, такім чынам улады спрабуюць прадухіліць актыўнасць грамадзян перад заяўленай акцыяй — Дня Волі.

spring96.org