Незалежная газета «Вольнае Глыбокае» прыпыніла выхад

З новага года спыніла дзейнасць незалежная газета «Вольнае Глыбокае». Год таму выданне адзначыла свой 1000 нумар і 25-ці годдзе.

volnae_glybokae_1_w5vxx.jpg

«Вольнае Глыбокае» праіснавала роўна 26 год, апошні яе нумар выйшаў на каталіцкае Раство.

Над стварэннем газеты і яе распаўсюдам апошні час працавала амаль адна сям’я галоўнага рэдактара і выдаўца Уладзіміра Скрабатуна, піша «Радыё Рацыя».

«Як балюча б не было, але яе давялося закрыць з-за фінансавых  праблемаў,» — кажа распаўсюднік газеты і дачка галоўнага рэдактара  Надзея Маліноўская. — Праблема адна — гэта фінансы, якіх сапраўды не хапае. Нават калі, з улікам таго, што працую я, сястра, мама, тата, усе мы чацвёра, мы працуем проста на голым энтузіязме і нічога не атрымліваем. Ужо некалькі год. Але на сённяшні дзень склалася такая сітуацыя, што раней мы не атрымлівалі грошы, але газета сама сябе акупляла, і проста на ідэі мы працавалі. Цяпер мы не можам зарабіць нават на друкарню».

Паводле рэдактара газеты Уладзіміра Скрабатуна, выратаваць выданне ў цяперашніх складаных умовах наўрад ці магчыма, нават нягледзячы на змяншэнне тыражу.

— Наўрад ці магчыма. За 900 асобнікаў я не бачу сэнсу яе выдаваць. Сэнс такі: 900 асобнікаў, альбо мільён асобнікаў, праца абсалютна тая ж самая. Толькі друк каштуе для 900 асобнікаў 435 рублёў. А калі б была тысяча, а калі б было дзве тысячы? Гэта б ужо каштавала тысяча рублёў. Дзе такія грошы ўзяць? У нас столькі рэкламы няма.

Апошнім часам газета «Вольнае  Глыбокае» выходзіла накладам 900 паасобнікаў, у лепшыя часы яе наклад дасягаў 5000 экзэмпляраў.

Для глыбачанаў і жыхароў суседніх раёнаў яна была цікавай у першую чаргу краязнаўчымі матэрыяламі і мясцовымі абвесткамі. Але, як кажа Уладзімір Скрабатун,  ён не апускае рукі і будзе працаваць над раскруткай электроннай версіі  газеты — сайтам vglybokaye.by.