Па размеркаванні — у стваральнікі касмічнай тэхнікі

Фізік-інжынер Міхась Дайняк у дзяцінстве, як і многія іншыя школьнікі, марыў звязаць сваё жыццё з космасам. І стаў адным з тых, чыя мара здзейснілася. Будучае месца працы Міхась пачаў шукаць яе за паўгода да размеркавання. Знайшоў і дасюль не шкадуе...

Міхась Дайняк 

Міхась Дайняк 

Праўда, пасля заканчэння пачатковай школы Міхась замяніў сваю мару зацікаўленнем камп’ютарам і тэхнікай. Пасля хлопец захапіўся жаданнем паступаць у Вайсковую Акадэмію. Да адзінаццатага класа Міхась лічыў, што будзе лётчыкам. Але даведаўся, што не праходзіць па стане здароўя. І тады Міхась вырашыў паступаць на фізічны факультэт БДУ.

«Акадэмка» адкрыла другое дыханне

На першых курсах фізфаку вучыцца Міхасю было нецікава: «Раздзелы ў фізіцы і матэматыцы падаваліся мне сухімі. Я сумняваўся, што фізфак — гэта маё. Мяне цягнула да камп’ютарнай графікі».

На трэцім курсе студэнтам прапанавалі аб’яднацца ў групу, у якой будуць рыхтаваць будучых фізікаў-ядзершчыкаў для працы на АЭС у Астраўцы. «Пра АЭС нам сказалі, што гэта — канкрэтная праца, і што нам будуць плаціць грошы», — кажа Міхась.

Са 150 чалавек на курсе ў групу назбіралася каля трыццаці. Міхась таксама ўвайшоў у яе, а пасля раптам узяў акадэмічны адпачынак. На самай справе, хлопец вырашыў наогул забраць дакументы з універсітэта, але маці яго ўгаварыла ўзяць «акадэмку».

Падчас адпачынку Міхась стаў рыхтавацца да паступлення ў ВНУ Польшчы, каб навучацца майстэрству трохмернай графікі. Хлопцу падавалася, што гэта — менавіта тое, што будзе прыносіць яму задавальненне. Міхась паступіў. Але навучанне было платным. «Я думаў так: адшукаю ў Беларусі спонсара, якому быў бы патрэбны спецыяліст па трохмернай графіцы. Але такога я не знайшоў. А грошай на жытло і ежу ў мяне б не хапіла, таму ад навучання я адмовіўся».

Акадэмічны адпачынак нібыта адкрыў хлопцу другое дыханне: ён вырашыў працягнуць вучобу на фізфаку БДУ: «Сам па сабе фізфак — тэарэтычны факультэт. Ты шмат ведаеш, толькі мала чаго ўмееш. Але тое, чым я зацікавіўся ў апошнія гады вучобы, зараз я выкарыстоўваю на працы.

А зацікавіўся Міхась мадэляваннем, метадам у праграмаванні.

Размеркаваннеў «Пеленг»

Студэнтам параілі, каб тыя самі паклапаціліся пра будучыя месцы працы. Міхась пачаў шукаць яе за паўгода да размеркавання. Ён шукаў месца, дзе мог бы працаваць інжынерам і якое было б звязана з фізікай.

Знаёмыя параілі ААТ «Пеленг». «Я прыйшоў туды, паразмаўляў. Мяне прынялі на палову стаўкі, а пасля абароны дыплома я стаў працаваць на стаўку», — распавёў Міхась.

Прадпрыемства займаецца распрацоўкай складаных аптычных прыладаў, якія выкарыстоўваюцца ў космасе, крыміналістыцы, на аэрадромах. Міхась займаецца выпрабаваннямі тэхнікі на вібратрываласць.

«Калі прылада гатовая, яе трэба выпрабаваць. Існуе рызыка, што падчас узлёту прылады на арбіту, у першыя восем хвілін яна можа зламацца. Мы ідзем у цэх, дзе стаіць вібрастэнд, апранаем белыя халаты, бахілы (у цэху мусіць быць стэрыльная чысціня), і выпрабоўваем тэхніку на вібратрываласць», — тлумачыць хлопец.

Шмат Міхась працуе і за камп’ютарам: справаздачы, пратаколы, разлікі па выпрабаваннях. Часам у працы яму дапамагае мадэляванне, якім ён стаў цікавіцца падчас вучобы ва ўніверсітэце.

Міхась Дайняк 

Міхась Дайняк 

Праца Міхасю падабаецца. Ён падыходзіць да яе творча. Канешне, ёсць і руцінныя моманты, але ён ставіцца да іх як да нечага непазбежнага.

«Калектыў у нас малады, добры, — дзеліцца Міхась. — Шмат людзей працуюць за ідэю, хаця заробкі ў нас таксама добрыя. Калі ты працуеш не толькі дзеля грошай, пачынаеш рабіць намнога больш».

Пра заробак Міхася большасць маладых спецыялістаў можа толькі марыць. Але хлопец зарабляў столькі не ад самага пачатку сваёй працы: зарплата расла з цягам часу. Паколькі Міхась — мінчук, яму не трэба здымаць кватэру, і хлопцу ўдаецца значную частку грошай адкласці. Ён выдаткоўвае сродкі толькі на аплату камунальных паслуг, ежу, паліва і асабістыя патрэбы.

Займацца творчасцю, самаразвівацца, атрымліваць добры заробак, выкарыстоўваць любімае з дзяцінства праграмаванне ў працы… Ці мог Міхась марыць пра гэта ў той час, калі хацеў забіраць дакументы з ВНУ?

Мінус у сваёй працы Міхась вылучыў адзін: «Я не люблю, калі мне даводзіцца мітусіцца. Бывае так, што навальваецца зашмат працы, таму мы застаёмся да позняга вечара. Але, думаю, што гэта не ёсць адхіленнем ад нормы. Хутчэй, звычайная справа. Але гэтую хібу пакрывае малады і крэатыўны калектыў, з якім мне даводзіцца працаваць».

Мара — альтэрнатыўная энергетыка

Кіраўніцтва прадпрыемства раіць Міхасю паступаць у аспірантуру, каб ён мог займацца навукай.

Малады, беларускамоўны, працавіты і паспяховы — так я ахарактарызавала б Міхася. «Як стаць такім, як ты?» — з усмешкай пытаю яго. Хлопец збянтэжыўся. Але, падумаўшы, сказаў, што варта развіваць у сабе такую якасць, як зацікаўленасць: «Калі табе не цікавая праца, варта імкнуцца знайсці тыя шляхі, якія дапамогуць яе палюбіць. Мне, канешне, шмат у чым пашанцавала. Але вельмі дапамагае, што я люблю тое, чым займаюся».

І нават любімым выпрабаваннем касмічных прылад Міхась не плануе займацца ўсё жыццё. Хлопец хоча з цягам часу перабрацца ў вёску і заняцца або сельскай гаспадаркай, або малым бізнесам. Ён хоча развіваць альтэрнатыўную энергетыку, бо перакананы, што гэты аспект з’яўляецца надзвычай важным у развіцці сельскай гаспадаркі ў Беларусі.