Палітолаг Павел Усаў: Калі Лукашэнка жадае вайны, ён павінен яе атрымаць

Беларускі палітолаг Павел Усаў выказаўся пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, палітычны крызіс і шляхі выхаду са складанай сітуацыі.

08fb3fa3_79c7_4ffe_81e9_e46aad8c0ba0_w1023_s.webp

— На маю думку, улічваючы, інтэнсіфікацыю тэрору ў краіне, пераўтварэнне сістэмы ў нейкі прымітыўны аўтарытарна-тэрарыстычны лад, дзе ігнаруецца здаровы сэнс, базавыя правы і нормы, гэтую сістэму неабходна цалкам ізаляваць, — напісаў Павел Усаў на сваёй старонцы з фэйсбуку. — Тое, што мы назіраем, гэта свайго роду бальшавізацыя ці іранізацыя сістэмы (няма ніякіх межаў, ніякіх нормаў, акрамя тэрору). Рэжым Лукашэнка разбурае грамадства і дзяржаву, ён кідае (у чарговы раз) выклік міжнароднай супольнасці, дэманструючы гатоўнасць вынішчэння грамадства на ўсіх узроўнях. Краіны Захаду павінны спыніць друкаваць абстрактныя і пустыя заявы заклапочанасці і пачаць урэшце рэалізаваць жорсткі падыход да рэжыму Лукашэнкі.

Калі Лукашэнка жадае вайны ён павінен яе атрымаць. Таму неабходна:

1. Спыніць усялякія афіцыйныя зносіны з тэрарыстычнай уладай, да моманту пакуль не пачнецца працэс транзіту;

2. Абмежаваць дыпламатычныя адносіны з уладай. Адклікаць амбасадараў з Беларусі да моманту спынення тэрору;

3. У. Макей павінен вярнуцца ў чорны спіс (у якім ён быў пакуль ня стаў міністрам замежных справаў). Няхай ездзіць з высокімі візытамі на Камчатку ці ў Тога;

4. Усё вышэйшае кіраўніцтва краіны павінна трапіць у чорны спіс пажыццёва, пакуль не панясуць адпаведнае пакаранне за ўдзел і рэалізацыю палітыкі тэрору. У іх быў час падумаць і зрабіць выбар;

5. Урэшце, павінна быць створана міжнародная камісія (трыбунал) па справах тэрору ў Беларусі.

Гэта той мінімум які Еўропа павінна рэалізаваць на дадзены момант. Трэба ўрэшце зразумець, што аўтарытарызмы заўсёдны будуць пагрозай для бяспекі і стабільнасці, гэта хвароба ад якой чалавечая цывілізацыя павінна вылекавацца назаўжды.

Тым не менш, разумеючы кволую рэакцыю ЕС у пытаннях Крыму, дзе расійскія ўлады фактычна рэалізуюць палітыку тэрору ў дачыненні да татарскай грамады, агульна пытанне Украіны, сітуацыю з Навальным, я разумею, што беларускі крызіс не стане  важным пытаннем у еўрапейскай (заходняй) агендзе. Гэта мяжуе з цудам. Што фактычна развязвае Лукашэнка рукі да правядзення паказальных рэпрэсій у Беларусі. Лукашэнка — гэта сорам Еўропы.