«У тэлефоне шукалі заклікі да салюту». На 12 і 30 сутак асудзілі хлопцаў, апынуўшыхся побач з феерверкам

33-гадовы Канстанцін Лушчык 21 сакавіка выйшаў пасля «сутак», а ўвечары 25 сакавіка яго зноў затрымалі. Са словаў Канстанціна, вечарам ён ішоў у слухаўках да банкамата. У шасцідзесяці метрах ад Канстанціна хтосьці запусціў салют, і адразу ж прыехалі супрацоўнікі міліцыі.

Ілюстратыйны здымак

Ілюстратыйны здымак

Да хлопца адразу падышлі і прапанавалі прайсці з імі. У бусе супрацоўнікі вырашылі праверыць тэлефон, але ён быў яшчэ «пусты», бо Лушчык купіў яго амаль дзень таму. Гэта іх раззлавала і яны зрабілі выснову, што гэта ён падарваў салют, распавядае «Вясна назірае».

У Першамайскім РУУСе склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў групе пяці чалавек і за непадпарадкаванне пры затрыманні.

Дыялог адвакаткі са сведкам-міліцыянтам Захарчанка:

— Лушчык стаяў з іншымі, хто запускаў салют.

— Хто запускаў салют?

— Не ведаю.

— Ці была сімволіка?

— Не.

— Ці знайшлі ў яго тэлефоне тэлеграм-каналы, якія публічна заклікалі да салюту?

— Не.

Пытанне сведку ад Лушчыка:

— Як вам спіцца па начах?

— Выдатна, дзякуй!

У выніку, учора суддзя Максім Трусевіч асудзіў хлопца па двух пратаколах на 30 сутак арышту.

28-гадовага Арцёма Анішчука затрымалі разам з Лушчыкам. З яго словаў, калі прыехалі сілавікі, вакол проста не засталося людзей каля салюту, таму схапілі простых мінакоў. Яго затрыманне патлумачылі падазрэннем, што менавіта ён запусціў салют.

Суддзя Першамайскага раёна Таццяна Ліннік асудзіла Арцёма на 12 сутак.