Палітвязня Аліневіча перавялі з Наваполацкай калоніі

Ігара Аліневіча перавезлі з Наваполацкай калоніі ў іншае месца пазбаўлення волі, але пакуль невядома, куды менавіта.



alinievicz.gif

Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» бацька палітвязня Уладзімір Аліневіч.
«Ужо 3 тыдні ад Ігара няма лістоў і званкоў, але мы дакладна ведаем, што калонію расфармавалі. Павінны паведаміць, куды яго перавялі. Кожны дзень чакаем звестак, — заявіў ён. — Вось-вось павінны нам паведаміць і будзем ведаць, дзе ён. І нам будзе зразумела, напрыклад, куды ехаць на спатканне. Так турбуемся, каб захавалася тое, што ўжо запланавана, напрыклад, сустрэчы гэтыя. Не ўяўляў, як яно будзе. Паводле закона быццам бы ўсё павінна захавацца, але няма такой упэўненасці, а раптам нешта зменіцца. Таму вельмі чакаем паведамлення, дзе ён».
Нагадаем, 27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жана Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, якая «славіцца» сваімі дрэннымі ўмовамі. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця ля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».