Мікалай Статкевіч павіншаваў Алеся Бяляцкага з вызваленнем

У магілёўскай турме адбылася першая ў 2014 годзе сустрэча палітвязня Мікалая Статкевіча з жонкай Марынай Адамовіч.



statkievicz_bialiacki.jpg

Алесь Бяляцкі наведвае палітвязьня Мікалая Статкевіча. Вёска Блонь Пухавіцкага раёну, 2007 г.
Марына Адамовіч распавяла «Радыё Свабода» пра сустрэчу.
«Ён вельмі рады вызваленню Алеся Бяляцкага і казаў, што ўжо адправіў яму віншавальную паштоўку. Сёння, напярэдадні нашай сустрэчы, мабыць, каб «парадаваць» яго, падчас прагулкі яму спецыяльна прынеслі гэтую лагерную газету «Працоўны шлях». Каб азнаёміўся з тэкстам закона аб амністыі і пераканаўся, што на яго гэта не распаўсюджваецца. Але ж ён і не разлічваў. Мікалай прасіў перадаваць Алесю прывітанне, казаў, што гэта вельмі мужны чалавек, што вельмі годна вытрымаў выпрабаванні, якія выпалі на ягоную долю», — распавяла жонка палітвязня.
Мікалай Статкевіч кажа, што гатовы прайсці свой шлях да канца.
«Ён кажа, што як любы чалавек, хоча быць на волі, але што б ні выпала, гатовы прайсці свой шлях да канца. Але і яго ніколі надзеі не пакідаюць», — адзначыла Марына Адамовіч.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Палітвязня трымаюць у крытай магілёўскай турме.