Уладзімір Макей: «Тэма палітвязняў ўжо нагнала аскому»
Асаблівых пераменаў у стаўленні Захаду да Беларусі пасля вызвалення з-за кратаў па амністыі вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага чакаць не варта. Такі сэнс выказванняў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» 29 чэрвеня.
![makey.jpg makey.jpg](/img/v1/news/full/makey.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пры гэтым прозвішча праваабаронцы ні інтэрв'юер, ні інтэрв'юяваны не называлі.
«Мы рэальна глядзім на сітуацыю, і мы ведаем, што нават калі б мы вызвалілі тых, каго яны (Захад) называюць «палітычнымі вязнямі», то да Беларусі заўтра будуць
прад'яўленыя новыя прэтэнзіі. Напрыклад, чаму ў Беларусі не рэгіструюцца аднаполыя шлюбы. Нам выказалі б прэтэнзіі, што ў нас дзеці называюць бацькоў «мама» і
«тата», а не як неабходна там: «бацька № 1» і «бацька № 2», — цытуе кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства БелаПАН.
Наогул, паводле яго слоў, «тэма палітвязняў ўжо нагнала аскому». «У нас чалавек, які не плаціць падаткі ў казну дзяржавы і якога, натуральна, накіравалі у месцы не надта
далёкія за канкрэтнае крымінальнае падатковае злачынства, ён лічыцца палітвязнем. У Злучаных Штатах Амерыкі, любой еўрапейскай краіне ён атрымаў бы яшчэ можа быць і большыя тэрміны. Ідзе сутыкненне
розных тэорый, розных стратэгій, якія тычацца далейшага развіцця светапарадку, наогул далейшага існавання чалавецтва», — заявіў Уладзімір Макей.
«Тое, што Беларусь выбіваецца з агульнай карціны, тое што Беларусь праводзіць сваю, так, можа не ідэальную, але сваю палітыку, зыходзячы з інтарэсаў нашага народа, нашай дзяржавы, тое,
што Беларусь не паддаецца нейкаму, скажам так, павеву з Усходу або Захаду, Поўначы або Поўдня, вядома ж, вельмі многім не падабаецца», — падкрэсліў кіраўнік МЗС.
Паводле яго слоў, Беларусь выступала за раўнапраўныя адносіны з усімі дзяржавамі, за дыялог з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі і ў далейшым мае намер прытрымлівацца такой лініі.
«І мы лічым, што не нейкая супердзяржава павінна дыктаваць, як развівацца народам у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі або ў Еўропе, а народ сам павінен вырашаць свой лёс. Мы
выступаем за разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця, а не за аднапалярнае развіццё свету», — заявіў Уладзімір Макей.
eurobelarus.info