Палітвязня Рамана Смолькіна пераводзяць з «хіміі» ў калонію. Нібыта спазніўся на лекцыю і спаў пад нарамі

47-гадоваму палітзняволенаму Раману Смолькіну, якога асудзілі да двух гадоў «хіміі» за абразу экс-намесніка начальніка салігорскай міліцыі, змянілі пакаранне на больш жорсткае. 14 лютага суд замяніў палітвязню абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на пазбаўленне волі.

7a58caf0.jpg

Раман Смолькін — жыхар Салігорска, асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») за абразу былога намесніка начальніка салігорскай міліцыі Салаўя. 12 кастрычніка мінулага года яго накіравалі на «хімію» ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №9 Віцебска.

Паводле звестак праваабаронцаў, адміністрацыя ПУАТ запісала ў парушэнні рэжыму «хіміі» спазненне Рамана на лекцыю, сон пад нарамі, адмову ад прыборкі. 14 лютага па рапартах адбыўся суд, які пастанавіў накіраваць палітвязня ў калонію за парушэнне рэжыму папраўчай установы. За гэта Смолькіна асудзілі да дзевяці месяцаў калоніі. Палітвязень плануе абскардзіць рашэнне суда.

«Прыцемкі згушчаюцца на досвітку. Калі ласка, паглядзіце стары савецкі мультфільм пра доктара Айбаліта, там дзе кракадзіл Наша Сонца праглынуў. Запэўніваю вас, усё так і будзе, як Карней Чукоўскі прадсказаў», — напісаў Раман у адным з нядаўніх лістоў на волю.

Таксама ўчора адбыўся суд над яшчэ аднім палітвязнем з гэтай «хіміі» — Дзмітрыем Абрамуком. Суд пакінуў яго на «хіміі». Нагадаем, напрыканцы лістапада адміністрацыя ПУАТ-9 у Віцебску паставіла палітзняволенага на новы ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». У снежні-студзені ён па чатырох рапартах аб парушэннях быў змешчаны ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля вяртання яго на «хімію» пры паходзе ў краму ён пакінуў ПУАТ — яго змясцілі ў СІЗА да суда. Але праз некаторы час яго вярнулі на «хімію».

Дзмітрый Абрамук — фігурант берасцейскай «карагоднай справы». 15 сакавіка суд пакараў Дзмітрыя двума гадамі «хіміі» па арт. 342 КК. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» яшчэ і па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначылі тры гады «хіміі».