«Патрабаванні студэнтаў справядлівыя». Выкладчык БДУ, які спрабаваў абараніць студэнтаў, вызвалены
Вадзім Белявец, выкладчык гістарычнага факультэта БДУ, быў затрыманы на плошчы Незалежнасці падчас студэнцкай акцыі. Вось што ён распавёў Свабодзе пасля вызвалення.
«Я думаю, што гэты паход з петыцыяй, папраўдзе, быў асуджаны на такога кшталту эксцэсы. Бо, наколькі я ведаю сітуацыю, будынак, да якога ішлі студэнты, з'яўляецца стабільнай пляцоўкай органаў унутраных справаў і гэтак далей, — расказаў Радыё Свабода Вадзім Белявец. — Я спрабаваў пераканаць студэнтаў, што гэта будзе мець наступствы. Але калі я пабачыў, што студэнтаў затрымліваюць людзі ў цывільным, я папрасіў іх прадставіцца, яны не назваліся, і мяне затрымалі. Я не супраціўляўся».
Выкладчыка завезлі ў Маскоўскі РУУС, узялі паказанні і адпусцілі. За гэты час шматтысячныя калоны студэнтаў ужо ішлі па вуліцах Мінска.
«Я думаю, што іхныя патрабаванні справядлівыя. Я прытрымліваюся падобных поглядаў, — кажа Вадзім Белявец. — Трэба думаць пра фармат акцый і больш узважана падыходзіць да іх».
Белявец кажа, што 18 жніўня рэактарам БДУ было прынята рашэнне не звальняць супрацоўнікаў і студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях. Таму ён спадзяецца, што з ім «усё будзе добра».
Вадзім Белявец — вядомы беларускі гісторык, археолаг, аўтар шэрагу значных навуковых прац.