Ператрусы і затрыманні ў дэлегатаў «Схода» (абноўлена)

11 жніўня сілавікі прыйшлі з ператрусамі да дэлегатаў «Схода» — Алены Радаман, Юрыя Пісарчука (Брэст), Уладзіміра Кавалёва, Аляксея Багушэвіча. У Віцебску дэлегата «Схода» Максіма Жукава забралі ў Следчы камітэт, паведамляе «Зеркало».

photo_2021_01_07_18_.jpg


Ёсць інфармацыя, што сілавікі прыйшлі і да мінчука Івана Бялецкага. Ён таксама з'яўляецца дэлегатам «Схода», а таксама Уладзіміра Мельніка. На сувязь не выходзяць Радзіслаў Фяцісаў, Наталля Абрашына-Жадаева, Арцём Чапель.
Раней былі арыштаваныя дэлегаты Уладзімір Мацкевіч і Сяргей Бародзіч.
UPD. Праваабаронцам вядома, што вобшукі былі таксама ў Алены Патаповіч, Дзяніса Садоўскага, Паўла Якуты, Вольгі Казановіч, Галіны Каткоўскай, Аляксея Адамовіча, Кацярыны Вургун. Гэта дэлегаты з розных рэгіёнаў — Мінск, Брэст, Віцебск, Паставы. Яшчэ некалькі чалавек не выходзяць на сувязь.

Сярод затрыманых — трэнер па трыятлоне Аляксей Адамовіч. У снежні яму далі 10 сутак, калі ён на ровары вяртаўся дадому.

«Забралі з працы. Прывезлі па месцы прапіскі, зрабілі вобшук і павезлі ў КДБ. Ён пазваніў мне адтуль, прасіў адваката», — распавяла яго жонка пра сённяшнія падзеі.

«Вобшукі праводзяць прадстаўнікі КДБ і СК. Пакуль няма інфармацыі, у чым менавіта абвінавачваюць дэлегатаў. Дваіх адпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні», — расказалі «Нашай Ніве» у прэс-службе «Схода».

Таксама прайшоў ператрус у былога пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэні. Раней ён быў старшынёй «Схода», але сышоў і апошнім часам не меў дачынення да арганізацыі.



«Сход» — гэта віртуальная платформа, дзе можна вылучаць сваіх прадстаўнікоў, а таксама іх абіраць. Плануецца, што прадстаўнікі з усёй краіны — 328 чалавек — змогуць адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў і ўдзельнічаць у Нацыянальным дыялогу. На платформе тэрыторыя краіны разбітая на віртуальныя ўчасткі, якія адпавядаюць адміністрацыйнаму дзяленню Беларусі. Кандыдаты ў дэлегаты запаўняюць анкеты і вылучаюцца ад сваіх участкаў. Галасаванне адбываецца пры дапамозе чат-бота.