Прадстаўнік БПЦ Сяргей Лепін: «Канстанціну Бурыкіну забаронены ўезд у Беларусь»
Праз гэта ўскладняецца працэдура пазбаўлення яго святарскага сану.
18 лістапада стала вядома, што Канстанцін Бурыкін вызвалены з калоніі пасля адбыцця 3-гадовага тэрміну пакарання. Разам з тым расследаванне крымінальнай справы, паводле якой Бурыкін падазраецца ў сексуальным гвалце над уласнай дачкой Аляксандрай, працягваецца. «Расследаванне гэтай крымінальнай справы ня спыненае, — паведаміў Свабодзе прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч. — Гэта ўсё, што я пакуль магу паведаміць».
Праз дзень пасля вызвалення Канстанціна Бурыкіна з’явілася неафіцыйная інфармацыя пра яго дэпартацыю з Беларусі. 28 лістапада ў размове са Свабодай яе пацвердзіў кіраўнік сінадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ Сяргей Лепін. Паводле яго, гэта ўскладняе правядзенне царкоўнага суду аб пазбаўленні Бурыкіна святарскага сану.
«Апошнія сапраўдныя звесткі аб месцы знаходжання Канстанціна Бурыкіна сведчылі, што ён знаходзіўся на тэрыторыі Расіі, — паведаміў Сяргей Лепін. — Дзе ён знаходзіцца цяпер, невядома. Нішто яму не забараняе паехаць у якую-хаця краіну свету, акрамя Беларусі. У Беларусь уезд Канстанціну Бурыкіну забаронены. Гэта ўскладняе правядзенне царкоўнага суду БПЦ у яго справе. Суд, які пазбаўляе сану святара, павінен адбыцца, але ён можа адбыцца толькі на тэрыторыі Беларусі. Магчыма, такі суд адбудзецца на той тэрыторыі, дзе знаходзіцца Канстанцін Бурыкін. Пакуль у мяне няма больш удакладненняў на гэты конт».
На які тэрмін забаронены ўезд у Беларусь Канстанціну Бурыкіну, дакладна невядома. Свабода звязалася з жонкай Бурыкіна Вольгай. Яна паведаміла, што цяпер у Мінску, аднак адмовілася раскрываць месца знаходжання мужа. Дачка Канстанціна Бурыкіна Аляксандра ў размове са Свабодай таксама сказала, што ня ведае, дзе яе бацька.
«Я нічога ня ведаю пра гэта, ён не спрабаваў звязацца са мной, — сказала Аляксандра Бурыкіна. — Мяне па-ранейшаму выклікаюць на допыты, рассьледаванне крымінальнай справы працягваецца. Больш я ня ведаю нічога».