Палітолаг і сацыёлаг — аб жаданні 90% беларусаў у саюз і партнёрства з Расіяй
«Калі мы будзем задаваць пытанне: "Ці хочаце вы ўступіць у склад Расіі?" — пераважная большасць адкажа адмовай. Але "саюз" і "незалежнасць" не супярэчаць адно аднаму», — распавёў «Еўрарадыё» Арцём Шрайбман.
57,6% беларусаў выступаюць за саюзніцкія адносіны з Расіяй, 31,8% — за партнёрскія. Такія вынікі апытання 28 лістапада апублікавала расійскае выданне "Коммерсантъ".
Апытанне праводзілася Цэнтрам прасторавага аналізу міжнародных адносін ІМД МДІМА, у якога няма акрэдытацыі для працы ў Беларусі. Для яго давялося зрабіць 7 тысяч званкоў, цалкам анкету запоўнілі 500 рэспандэнтаў.
Не трэба змешваць беларусаў
Апытанне апублікавана за 10 дзён да перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна аб дарожных картах па "паглыбленні інтэграцыі" Расіі і Беларусі? Супадзенне? І калі не, то што гэтая публікацыя можа азначаць?
"Гэта такая спроба калі і не націснуць на Лукашэнку, то хаця б прадэманстраваць сваёй аўдыторыі: глядзіце, беларусы хочуць інтэгравацца, а вось калі Лукашэнка нічога не падпіша, то гэта ён не хоча, — лічыць палітолаг Арцём Шрайбман. — Гэта значыць, пакуль гэта ўсё выглядае так, таму што ў апытанні занадта шмат тэхнічных і іншых праблем".
На думку Шрайбмана, 57,6% беларусаў, якія выказаліся за саюз з Расіяй, нельга змешваць (у тым ліку і ў загалоўках навін) з 31,8% тых, хто выступае за партнёрства. Бо, па сутнасці, гэта рознанакіраваныя рухі ад таго стану, у якім інтэграцыя дзвюх дзяржаў знаходзіцца цяпер.
"Тут важна разумець, што такое саюз. Бо калі далей мы будзем задаваць пытанне: "Ці хочаце вы ўступіць у склад Расіі?" — пераважная большасць адкажа адмовай. Але "саюз" і "незалежнасць" не супярэчаць адно аднаму. А тая траціна (прыкладна) людзей, якія выступаюць за партнёрскія адносіны, — яны, па сутнасці, выступаюць за нейкае паніжэнне сённяшняга ўзроўню супрацоўніцтва, таму што Беларусь і Расія сёння фармальна саюзнікі, а партнёры мы з усімі астатнімі заходнімі краінамі", — кажа Шрайбман.
"Спробы яго панерваваць"
На 8 снежня намечаны ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У Маскве Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка плануюць падпісаць дарожныя карты па паглыбленні інтэграцыі. Аднак 17 лістапада кіраўнік Беларусі заявіў:
"Ведаеце, які адмоўны гандлёвы баланс у нас з Расіяй? Пад $9 мільярдаў. І дзе мне ўзяць гэтыя грошы, каб пакрыць дэфіцыт? Пакрываем на іншых рынках. Што ж гэта за саюз, калі мы кожны год губляем і губляем? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. Як вынік, мы ўвесь час у эканоміцы нешта губляем, губляем і губляем. Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз?!"
Арцём Шрайбман не думае, што апытанне расійскіх сацыёлагаў неяк паўплывае на Лукашэнку перад сустрэчай з Пуціным.
"Напярэдадні многіх важных сустрэч і перамоў розныя групы ў Расіі (не толькі Крэмль) робяць такія спробы яго панерваваць. Але я не бачу, як гэта можа паўплываць, таму што пытанні, якія там абмяркоўваюцца, настолькі фундаментальныя, звязаныя з энергетыкай, падатковай сістэмай, якія да гэтага часу не вырашаныя, што чарговыя медыйныя ўколы могуць толькі крыху раззлаваць, але не больш за тое".
Прапорцыя тых, хто адказаў, усяго 1 да 14? Гэта дзіўна
У верасні 2019 года вынікі падобнага сацыялагічнага даследавання агучыў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі. Паводле яго звестак, за саюз з Расіяй выступаюць 54,5% беларусаў, а 25% — за саюз з Еўропай. Яшчэ 20,5% апытаных не ведаюць, што адказаць: не вызначыліся з адказам на гэтае пытанне.
Еўрарадыё папрасіла Андрэя Вардамацкага пракаментаваць даследаванне расійскіх калег. Сацыёлаг лічыць колькасць апытаных дастатковай для таго, каб рабіць высновы аб грамадскай думцы ў Беларусі. Але вось колькасць рэспандэнтаў, якія адказалі, выклікае ў яго здзіўленне.
"Было 7000 званкоў, але што завершанымі аказаліся толькі 500 з іх. Гэта крыху дзіўна, таму што тэматыка апытання не з'яўляецца адчувальнай, на такое адказвае большасць. Чаму так шмат тых, хто не адказаў? Незразумела. Прапорцыя тых, хто адказаў, усяго 1/14. У нас жа на падобных апытаннях адказваюць каля 80%".
Вардамацкі звяртае ўвагу, што МДІМА — вядомая і паважаная вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе кадры дыпламатычнага корпуса. Аднак гэтая ВНУ невядомая як арганізацыя, якая займаецца менавіта правядзеннем апытанняў, то-бок якая валодае інтэрв'юэрскай сеткай і адпаведнай інфраструктурай.