Праект «Мне яшчэ пашчасціла», які фіксуе гісторыі ахвяраў гвалту, цяпер мае англійскую і польскую версіі
Праект «Белсата» аб страшных падзеях у Беларусі пашырае доступ да шырокай аудыторыі. Цяпер гісторыі гвалту беларускіх пратэстоўцаў там можна прачытаць на пяці мовах — беларускай, рускай, украінскай, а таксама польскай ды англійскай.

«Беларусь пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў — гэта краіна з вось ужо дзясяткамі тысячаў затрыманых, збітых, літаральна закатаваных фізічна і псіхалагічна людзей. Калісьці будуць сабраныя ўсе сведчанні, задакументаваныя ўсе выпадкі здзекаў і катаванняў.
Сёння ж надзвычай важна — паспрабаваць уявіць і зразумець, што перажылі нашыя суайчыннікі ў засценках разнастайных ЦІП, РАУС, СІЗА і ЛПП», — так аўтары праекту тлумачаць яго сутнасць.
На дадзены момант у «Мне яшчэ пашчасціла» сабрана 21 гісторыя ад пацярпелых падчас пратэстаў ад дзеянняў сілавікоў. Некаторыя бяруць удзел у праекце са змененымі імёнамі.