Праваабаронцы прызналі яшчэ чатырох палітычных зняволеных

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ чатырох зняволеных — Дзяніса Дзейкуна, Аляксандра Нагелу, Леаніда Герасімлюка і Аляксея Мальцава. Адказнасць за распальванне сацыяльнай варожасці следствам і судом ужываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, адзначаюць праваабаронцы.

mycollages_4_1.png

Праваабаронцы адзначаюць рост колькасці судовых рашэнняў, прынятых па палітычна матываваных крымінальных справах з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачваных, якія ў адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб’ектыўнага судовага разгляду надаюць асуджэнню рысы адвольнага.

Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца пры адсутнасці палітычнага матыву, і з’яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі зробленаму і асобе асуджаных.

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады — адзначаюць праваабаронцы, —  прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, падаецца неабгрунтаваным.

Дзяніс Дзейкун асуджаны 23 чэрвеня 2021 года Гомельскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Аляксандр Нагела асуджаны 25 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі і РФ, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Леанід Герасімлюк асуджаны 17 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па ч.3 арт.361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) за каментары ў сацыяльных сетках, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Каментары, размешчаныя абвінавачванымі, не ўтрымоўваюць прамых заклікаў да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, а развагі пра ўжыванне гвалту ў адказ там з’яўляюцца элементам дыскусіі.

Аляксей Мальцаў асуджаны 13 жніўня 2021 года судом Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі і за крадзеж, паўторна і замах на крадзеж па ч. 2 арт. 205 КК на паўтара года пазбаўлення волі, а канчаткова — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Усе склады злачынстваў, у якіх абвінавачваецца А. Мальцаў, адносяцца да катэгорыі меней цяжкіх, за здзяйсненне якіх прадугледжаныя таксама меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Разам з тым судом без належнага абгрунтавання прызначаны найболей цяжкі від пакарання, пры гэтым вызначаны празмерна строгі яго памер. Такім чынам, А.Мальцаў асуджаны выбарча ў параўнанні з іншымі асуджанымі без наяўнасці палітычнага матыву.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў супрацьпраўнасць і сумнеўны характар дзеянняў абвінавачваных былі вынікам адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.

Праваабаронцы  прыйшлі да высновы пра існаванне ў кожным з гэтых выпадкаў палітычнага матыву пераследу абвінавачваных. І заявілі, што пераслед Дзяніса Дзейкуна, Аляксандра Нагелы, Леаніда Герасімлюка, Аляксея Мальцава з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. 

Паводле pen-centre.by