«Я адчуў цяпло». Марыя Калеснікава сустрэлася з бацькам упершыню пасля затрымання
Сёння бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр Калеснікаў убачыў сваю дачку ўпершыню з моманту яе затрымання ў верасні мінулага года.
Суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам праходзіць у
закрытым рэжыме. На працэс не пускаюць нават іх блізкіх сваякоў. Аляксандра
Калеснікава выклікалі ў суд на сёння, але ён не можа расказаць падрабязнасці
праз падпіску аб неразгалошванні, паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі.
«Упершыню за мінулы год я меў магчымасць убачыць дачку,
убачыць яе сябра Максіма. Я адчуў цяпло і Машына захапленне. Таксама ўбачыў яе
ўсмешку. І магу зрабіць для сябе выснову, што яе самаадчуванне, яе
настрой — добрыя», — распавёў Аляксандр.
Таксама ён убачыў Максіма Знака. Аляксандр адзначыў, што ён
знаходзіцца ў добрай фізічнай форме.
Працэс над Калеснікавай і Знакам пачаўся 4 жніўня. Іх
абвінавачваюць па трох артыкулах:
- ч. 1 арт. 357 («Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай
захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»),
- ч. 3 арт. 361 («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ўчынення акта тэрарызму ці дыверсіі, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаннем СМІ ці Інтэрнэту»);
- 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або яго структурным падраздзяленнем).
Паводле reform.by.