«Яшчэ і нас падбадзёрвае». Жонка Леаніда Судаленкі — пра сустрэчы з ім у СІЗА

Суд па справе супраць палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валанцёрак Таццяны Ласіцы, Марыі Тарасенкі пачнецца ўжо 3 верасня. Іх вінавацяць у «арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прысуд можа быць вынесены ўжо напрыканцы верасня.

sudalienka_2020_1.jpg

У справе 77 тамоў, у якіх абвінавачванне заняло 45 старонак. Весці крымінальную справу супраць вясноўцаў будзе суддзя Сяргей Салоўскі. Па справе запланавана 16 пасяджэнняў, прысуд можа быць вынесены ўжо пры канцы верасня, піша «Вясна».

Яшчэ летам мінулага года Леанід дапамагаў гамельчуку падаваць скаргу ў ААН на гэтага суддзю ў сувязі з парушэннем яго правоў, а ўжо сёлета Салоўскі адмовіў Судаленку ў спатканні з блізкімі. Але праваабаронца з дапамогай скаргі ўсё ж такі дамогся сустрэчы з сям'ёй. 25 жніўня жонка Аксана і адзін з трох сыноў Леаніда змаглі сустрэцца з ім у гомельскім СІЗА. Жонка зняволенага праваабаронцы распавяла, як прайшла сустрэча з ім, пра настрой і здароўе Леаніда, а таксама пра праблемы з карэспандэнцыяй.

Праваабаронца Леанід Судаленка на пачатку жніўня папрасіў у суддзі Салоўскага спатканне з жонкай і дзецьмі. У праваабаронцы трое сыноў — малодшаму, Мікіту, 11 гадоў. Але суддзя адказаў, што не дазваляе спатканне, таму што «няма прававых падставаў». Тады праваабаронца напісаў скаргу на імя старшыні суда Цэнтральнага раёна — скарга была задаволеная.

«І як мяне можа судзіць чалавек, які не бачыць для спаткання «прававых падставаў», бо закон не забараняе спатканні з блізкімі сваякамі?» — пракаментаваў гэта ў лісце карэспандэнту БелаПАН Судаленка.

Дазвол на спатканне ён называе «маленькай перамогай». Разам з тым праваабаронца піша, што не чакае цуду ад суда і мяркуе, што на «пару гадоў» адправіцца ў турму.

«Пачуваецца няблага» — пра здароўе

Паводле Аксаны, Леанід Судаленка пасля сямі месяцаў зняволення пачуваецца няблага. Ціск не турбуе, але пра ўзровень цукру ў крыві не ведае. На пытанне жонкі, калі ён здаваў аналізы, Леанід сказаў, што на пачатку чэрвеня, «і цукар быў у межах нормы». Аднак Леанід не змог сказаць, якія менавіта былі паказчыкі.

«Відаць, дактары, якія бралі аналізы, сказалі, што ў межах нормы, але ў кожнага доктара свая мяжа. А мяне цікавілі паказчыкі адносна ўзросту, прыняцця таблетак мужа. Таму ці з'яўляліся тыя паказчыкі нормай — мы не ведаем. Я папрасіла яго зноў звярнуцца да медработнікаў, каб нам зразумець, ці трэба яму змяняць сістэму лекавых сродкаў. Таму што сем месяцаў ён прымае адны і тыя ж лекі, арганізм мог прызвычаіцца».

Пры гэтым Леанід асаблівых нараканняў на здароўе не выказвае.

«Трымаецца годна» — пра настрой

Як распавядае Аксана, выглядае ейны муж бадзёра, жартуе, «трымаецца годна».

«Яшчэ і нас падбадзёрвае збоку. Стараецца, каб мы ўсё ж такі не ўпалі духам, бачачы, дзе ён знаходзіцца…»

«Шмат якія лісты не даходзяць» — пра карэспандэнцыю

Жонка праваабаронцы адзначае, што Леаніду не даходзіць шмат лістоў — «іх проста не даюць». Леанід нават перастаў распісвацца пры атрыманні заказных лістоў:

«Таму што спярша прыносяць распісацца за атрыманне заказнога ліста, а потым гэты ліст не аддаюць. Атрымліваецца, што па паперах ён адсправаздачыўся пра атрыманне ліста, але на рукі яго не атрымаў».

Як распавядае жонка Леаніда, лісты пра надвор'е, прыроду, птушак праходзяць. Але калі ў лістах утрымоўваецца інфармацыя пра тое, што адбываецца цяпер у краіне, па справе «Вясны», выказванні людзей — цэнзар не прапускае.

«У мяне ў гэтым месяцы быў Дзень нараджэння, і муж мне напісаў паштоўку з віншаваннямі. І вось першы экзэмпляр паштоўкі, які мне паслаў, яна не дайшла. Яна таксама была завернутая цэнзарам — штосьці яму не спадабалася, мабыць. Хаця што можа не спадабацца чалавеку, які чытае віншаванне мужа сваёй жонцы? Што ў гэтых словах можа не спадабацца цэнзару, я розуму не дабяру».