Чарговы суд над Аленай Гнаўк адбудзецца 2 верасня

З адной крымінальнай справы за танец у карагодзе ў Брэсце атрымалася яшчэ дзве: адміністрацыйная і крымінальная. Такі паварот адбыўся ў лёсе 64-гадовай Алены Гнаўк з вёскі Ткачы Пружанскага раёна, якая адбывае два гады «хатняй хіміі», піша «Радыё Рацыя»

161437365_5213973192009621_6920012015833506048_n_500x328.jpg

Калі пратакол па адміністрацыйнай справе за дэманстрацыю нібы экстрэмісцкай кнігі адпраўлены суддзёй на дапрацоўку, то суд за абразу кіраўніка краіны пачнецца 2 верасня.

Жанчына ўжо пазнаёмілася са справай. Аказваецца, дзве новыя справы атрымаліся з лёгкай рукі пракурора Аляксандра Бараноўскага, які прысутнічаў на судзе ў якасці абвінаваўцы, кажа Алена Гнаўк:

— Бараноўскаму нібыта вельмі моцна даставалася на судзе. Ён нават пажаліўся суддзі, што вось я так сябе паводзіла, што я яго абвінавачвала. У цывілізаваным свеце абвінавачваемаму боку даецца права гаварыць усё, што думае наконт гэтай справы. І ў цывілізаваным свеце ніхто падобнага ніколі не робіць, тое, што зрабілі нашы пракуроры.

Паводле Алены Гнаўк, пракурор Бараноўскі, відаць, не ведаў, што за дэманстрацыю экстрэмісцкай кнігі чалавек не караецца, а толькі за распаўсюд. Ён не прапусціў таксама міма вушэй і словы Гнаўк, што ўладу ў Беларусі захапіў псіхічна не зусім здаровы чалавек.