Супраць Вольгі Класкоўскай, асуджанай на два гады калоніі, распачалі новую крымінальную справу

Супраць асуджанай на два гады калоніі 39-гадовай палітзняволенай Вольгі Класкоўскай распачата новая крымінальная справа — аб абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК) за каментар у сацсетках восенню 2020 года, паведамляе «Вясна».

unnamed_266.jpg

Паводле версіі следства, 14 кастрычніка мінулага года жанчына напісала каментар, у якім абразіла брэсцкага міліцыянта. Маці Класкоўскай выклікалі на допыт па новай крымінальнай справе, а ў лісце ёй асуджаная выказала здагадку, што неўзабаве яе перавядуць у Брэст, дзе адбудзецца суд.

Цяпер Класкоўская адбывае пакаранне ў жаночай калоніі ў Гомелі. Паведамляецца, што 3 жніўня яе на тры месяцы пасадзілі ў памяшканне камернага тыпу за «сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку». Ёй таксама забароненыя сустрэчы і тэлефонныя званкі, акрамя зносін з адвакатам. За паўгода калоніі ёй дазволілі атрымаць адну перадачу.

Але, нягледзячы на гэта, Вольга трымаецца бадзёра:

«Я ўсё вытрымаю і абавязкова вярнуся да вас. Галоўнае нам усім — не падаць духам. Я сабе гэтага не дазваляю і думаю ўвесь час пра вас, пра будучыню, пра лепшае жыццё ў нашай Бацькаўшчыне. Ведаю, што ўсё абавязкова скончыцца добра».

У снежні Вольгу Класкоўскую асудзілі на два гады пазбаўлення волі па абвінавачанні ў грубым парушэнні грамадскага парадку (ч. 1 арт. 342 КК) за перакрыццё руху ў мінскай Серабранцы 13 кастрычніка. У судзе Класкоўская адмовілася даваць паказанні і не прызнала сваёй віны.