Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек

Гэта асобы, пазбаўленыя волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сёння беларускія праваабарончыя арганізацыя выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі палітвязнямі наступных зняволеных:
Дзмітрыя Цімафева, асуджанага 17.02.2021 года судом Ленінскага раёна Магілёва паводле арт. 369 КК за абразу начальніка аддзела ДАІ з Бабруйска да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Рыгора Мамановіча, асуджанага 15.05.2021 года судом Столінскага раёна Брэсцкай вобласці паводле арт. 370 КК за сарваны дзяржаўны сцяг да аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Максіма Таццянка, асуджанага 26.02.2021 года судом Кастрычніцкага раёна Мінска па ч. 2 арт. 339 і па арт. 369 КК за вывешаную на плоце інсталяцыю ў выглядзе пудзілаў з фота старшыні Савета Рэспублікі НС Н. Качанавай і міністра ўнутраных спраў І. Кубракова да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Дзяніса Заянчэўскага, асуджанага 26.02.2021 года судом Кастрычніцкага раёна Мінска па ч. 2 арт. 339 і па арт. 369 КК за вывешаную на плоце інсталяцыю ў выглядзе пудзілаў з фота Н. Качанавай і міністра ўнутраных спраў І. Кубракова да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Уладзіміра Сокала, асуджанага 9 чэрвеня 2021 года судом Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці за публікацыю ў сетцы інтэрнэт абразлівых і адвольна ацэненых як пагрозлівых каментароў у адрас супрацоўніка міліцыі да двух гадоў пазбаўлення волі;
Сяргея Трашчанку, асуджанага 24 чэрвеня 2021 года Гомельскім абласным судом па арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі да трох гадоў пазбаўлення волі;
Сяргея Маланчука, асуджанага 23 красавіка 2021 года судом Ленінскага раёна Гродна па арт. 369 КК за абразу ў сетцы інтэрнэт былога кіраўніка МУС Ю. Караева да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Андрэя Жулякова, асуджанага 16 чэрвеня 2021 года судом Мінскага раёна паводле арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года калоніі.
На сёння, 25 чэрвеня, у Беларусі 515 палітвязняў.