«Марыя ні аб чым не шкадуе і адчувае сябе свабодным чалавекам»

25 чэрвеня прэс-служба Генпракуратуры паведаміла, што крымінальную справу супраць Марыі Калеснікавай і Максіма Знака накіравалі ў Вярхоўны Суд для вызначэння падсуднасці. Марыі і Максіму прад'яўленае абвінавачванне па трох артыкулах, ім пагражае да 12 гадоў турмы. Адвакат Марыі Калеснікавай Уладзімір Пыльчанка распавёў, як успрыняла навіну Марыя і калі магчымы пачатак судовага працэсу.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Мне невядома, ці ведае пра гэтую навіну Марыя і, адпаведна, як яна яе ўспрымае. Сёння (25 чэрвеня — заўв.) мы з ёй размаўлялі ў СІЗА, і на момант нашай сустрэчы ў 11:40 такой інфармацыі Марыі не паступіла. Асабіста я даведаўся аб накіраванні справы ў Вярхоўны Суд з тэлеграм-каналаў і ўжо пасля таго, як пакінуў ізалятар.
Што азначае накіраванне справы ў суд? Тое, што пракурор пагадзіўся з абвінавачаннем, прад'яўленым Марыі, і накіраваў крымінальную справу ў Вярхоўны Суд для вызначэння таго, у якім судзе яно будзе разглядацца.
Са справай азнаёмленыя як Марыя, так і яе абаронцы. Марыя не згодна з прад'яўленым абвінавачаннем, у сувязі з чым па меры азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай яна і абарона падавалі хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу. Мы не бачым законных падстаў для прыцягнення Марыі Калеснікавай да крымінальнай адказнасці.
— Калі можна чакаць суд?
— Канкрэтную дату судовага пасяджэння назваць цяжка. Пасля таго, як будзе прынята рашэнне аб тым, які суд будзе разглядаць крымінальную справу, і па меры яго паступлення ў гэты суд, рашэнне аб прызначэнні судовага разбору павінна быць прынята не пазней за 14 сутак, а па справах, падсудным Вярхоўнаму Суду, абласным, Мінскаму гарадскому судам — у тэрмін да аднаго месяца. У выключных выпадках тэрмін можа быць прадоўжаны да трох месяцаў.
Што тычыцца фармату разбору справы, лічу, што яно будзе публічным — гэта значыць, разглядацца ў адкрытым судовым пасяджэнні. Гэта лагічна, паколькі абвінавачанні, прад'яўленыя Марыі, датычацца яе публічных выказванняў, якія вядомыя ўсёй грамадскасці.
— Як адчувае сябе Марыя?
— Марыя ў парадку, шмат чытае, займаецца спортам. Ні разу не даводзілася бачыць яе раззлаванай або ў дрэнным настроі. Пастаянна ўсміхаецца і смяецца. Нягледзячы на часовыя нязручнасці, Марыя ні аб чым не шкадуе і адчувае сябе свабодным чалавекам. Да пытання аб тым, як яна ставіцца да крымінальнай справы, напэўна, лепш за ўсё падыдзе слова іранічна.
Марыя ў курсе таго, што адбываецца, пастаянна цікавіцца ходам працэсу як у дачыненні да Віктара Бабарыкі, так і іншых абвінавачаных. Упэўненая, што ўсё будзе добра і хутка ўсе змогуць убачыцца са сваімі роднымі і блізкімі. Перадае прывітанне ўсім беларусам.
*****З паведамленняў прэс-службы Генпракуратуры, дарэчы, упершыню стала вядома, што канкрэтна ставяць у віну Марыі і Максіму. Нагадаем, адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Забаронена называць нават прозьвішчы следчых.
У чым абвінавачваюць Марыю і Максіма:
Уступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
️ Размеркавалі ролі ў паказаным злачынстве супраць дзяржавы і прыступілі да яго выканання.
Пазіцыянавалі сябе прадстаўнікамі пераважнай большасці грамадзян Беларусі.
Публічна заяўлялі пра перамогу на выбарах Святланы Ціханоўскай, казалі, што народ Беларусі страціў давер да ўлады, а сама дзеючая ўлада — слабая.
Паведамілі аб стварэнні каардынацыйнага савета для арганізацыі перадачы ўлады, пераадолення палітычнага крызісу, устанаўлення згоды ў грамадстве і абароны незалежнасці Беларусі.