«У мяне даўно не было гасцей, і сам я нікуды не хаджу». Што піша Мікола Аўтуховіч з СІЗА
Чытач Свабоды падзяліўся лістом ад вязня Міколы Аўтуховіча, які сядзіць у «амерыканцы» па «справе аб тэрарызме». Ён піша, чым займаецца ў зняволенні.
![autuhovich_2_16_1.jpg autuhovich_2_16_1.jpg](/img/v1/images/autuhovich_2_16_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вядома, што да Аўтуховіча амаль не даходзяць нічые лісты, рэдкія лісты прыходзяць ад яго на волю.
У лісце, напісаным у другой палове чэрвеня, Мікола дзякуе за дзіцячую карцінку, якую яму пераслалі. Кажа, што потым паставіць яе ў рамку. Да таго ж ён дзякуе за падпіску на папяровыя выданні. Яму выпісваюць зборнікі судоку, часопіс пра вандроўкі, а таксама «Белорусы и рынок».
Вязень прызнаецца, што перастаў чытаць, бо зламаў свае акуляры, выпадкова сеў на іх. Чакае, калі дашлюць новыя. Таксама Аўтуховіч пагаджаецца з сваім карэспандэнтам, што «ўсе стаміліся ад каранавірусу».
«У мяне даўно не было гасцей, і сам я нікуды не хаджу», — паўжартам піша Мікола. Ён дадае, што агулам у яго ўсё нармальна, і перадае ўсім прывітанне.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.
![«Ён быў і застаецца Рыцарам Свабоды» «Ён быў і застаецца Рыцарам Свабоды»](/img/v1/images/sjam_ja_uladzimira_hundara__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas13_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.