Прэмію імя Васіля Быкава сёлета ўручаць не будуць

22 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне пройдзе мемарыяльная імпрэза ў гонар пісьменніка. Але ўганаравання быкаўскай прэміяй «За свабоду думкі» не будзе. Пра гэта Свабодзе паведаміў заснавальнік прэміі Аляксандр Мілінкевіч.

p6238924_logo_1.jpg


Мілінкевіч: патрэбна абнаўленне і перафарматаванне прэміі

Заснавальнік руху «За свабоду», экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч пацвердзіў Свабодзе, што ўручэнне традыцыйнай прэміі «За свабоду думкі» сёлета не плануецца. Па яго словах, наспела патрэба ў перафарматаванні прэміі.
«Ужо калі мы адзначалі 10-годдзе прэміі імя Васіля Быкава „За свабоду думкі“, разумелі, што яна патрабуе абнаўлення і перафарматавання, — кажа Мілінкевіч. — Узнагарода не мусіць быць так шчыльна звязаная са мной ці рухам „За свабоду“, прэмія павінна стаць сапраўды народнай, бо Быкаў — гэта не толькі выбітны пісьменнік, ён адзін з духоўных лідараў нацыі, часцінка яго жыве ў кожным свядомым беларусе».
Паводле Мілінкевіча, сёлета яму проста фізычна не ўдалося рэалізаваць задуманы план перафарматавання. Таму ён з жалем канстатуе, што гэтым разам уладальнік прэміі вызначацца не будзе. Мілінкевіч кажа, што нават Нобелеўская прэмія перапынялася, але зноў жыве пасля вымушанай паўзы.
«У наступным годзе не толькі былыя лаўрэаты, а і кожны жыхар краіны зможа паўплываць на выбар намінантаў, а пазней прагаласаваць за чарговага пераможцу, — працягвае ён. — Мы дадамо сучасных тэхналогій, бо Васіль Быкаў — гэта не толькі пра ўчора, ён і пра сёння і пра заўтра. Таму для вызначэння лаўрэата шырока выкарыстаем сацыяльныя сеткі. Падрыхтоўка да цырымоніі ўручэння прэміі будзе суправаджацца кампаніяй папулярызацыі твораў і жыццёвых прынцыпаў Быкава».

Прэмія стане народнай

​Як расказаў Аляксандар Мілінкевіч, у рэалізацыі праекту будуць задзейнічаныя розныя грамадскія ініцыятывы і арганізацыі, у тым ліку рух «За свабоду». У склад рабочай групы, якая зацвердзіць канцэпцыю абноўленай прэміі Васіля Быкава, увойдуць Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Зміцер Дашкевіч, Юры Зісер, Святлана Калінкіна, Глеб Лабадзенка ды іншыя.
Адначасова будзе ісці праца, каб забяспечыць стабільнасць фінансавання прэміі, плануецца дыверсіфікацыя яе крыніц.
Праблемы з пошукам фінансавання пачалі адчувацца ў апошнія гады. Напрыклад, летась нават быў абвешчаны збор сродкаў — за месяц сабраць неабходныя 5 тысяч рублёў так і не ўдалося, амаль палову ад сабранай сумы дабавіў бізнесовец Юры Зісер.
Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, імпрэза ў Бычках адбудзецца — яе актывісты руху «За свабоду» з Віцебшчыны запачаткавалі яшчэ да заснавання прэміі.
Лаўрэатамі прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў розны час станавіліся паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратары і палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыкі і выканаўцы Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, рэжысёр Валер Мазынскі, грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч, журналіст Глеб Лабадзенка.