Прэс-сакратарка Лукашэнкі: Няма задачы, каб 30% тэлеперадач былі па-беларуску

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што няма задачы, каб 30% тэлеперадач былі па-беларуску.

pixabay.com

pixabay.com

— Насамрэч, гаворка ідзе пра 30% нацыянальнага кантэнту — фільмаў і перадачаў, створаных у нашай краіне. І гэта адпавядае патрабаванням закону "Аб СМІ", — адзначыла Эйсмант у каментары Радыё Свабода.
Інфармацыя пра задачу перавесці 30% тэлекантэнту на беларускую мову з'явілася па выніках сустрэчы кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай з калектывам "Беларуськалія". Пра гэта напісала газета "Калійшчык Салігорска". Наталля Эйсмант мяркуе, што журналісты нешта наблыталі. Такой жа думкі прытрымліваецца і першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.
"Можна разлічваць і на тое, што беларуская мова будзе выкарыстоўвацца часцей", — сказала прэс-сакратарка Лукашэнкі пра перспектывы беларускага тэлебачання.
Паводле euroradio.fm