Прэзідэнт сышоў. У ЕГУ скасавалі прэзідэнцкі пост
Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду прэзідэнта ЕГУ. Гэты пост скасаваны. Прафесар Міхайлаў працягне выкладанне і даследчую дзейнасць у ЕГУ ў якасці прафесара філасофіі.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) паведаміў, што 5 студзеня прафесар Анатоль Арсеньевіч Міхайлаў пакінуў пасаду прэзідэнта. Адначасова з задавальненнем прашэння аб адстаўцы Агульны сход саўладальнікаў вырашыў скасаваць пазіцыю прэзідэнта ЕГУ.
Анатоль Міхайлаў быў ініцыятарам стварэння ЕГУ ў Мінску і з 1992 па 2014 год быў першым рэктарам універсітэта. З 1 кастрычніка 2014 года прафесар Міхайлаў займаў пасаду прэзідэнта ЕГУ.
«Мяркую, што ў цяперашні час, калі адбываецца чарговы этап трансфармацыі ўніверсітэта і яго праграм, наступіў найбольш спрыяльны момант для майго рашэння. Упэўнены, што патэнцыйныя магчымасці нашага праекта далёка не вычарпаныя ў эпоху новых выклікаў, якія стаяць перад сучаснай гуманітарнай адукацыяй», — заявіў Анатоль Міхайлаў.
Паведамляецца, што прафесар Міхайлаў працягне выкладанне і даследчую дзейнасць у ЕГУ ў якасці прафесара філасофіі. Сярод сфер яго навуковых інтарэсаў — фенаменалогія, герменеўтыка і філасофія адукацыі.
Анатоль Міхайлаў — доктар філасофскіх навук (1986), прафесар (1988), член-карэспандэнт АН БССР (1989), акадэмік НАН Беларусі (1991), член Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (Зальцбург, Аўстрыя, 1993).
У траўні Анатолю Міхайлаву споўніцца 82 гады.
thinktanks.by