«Проста цяпер мы бачым найбуйнейшую хвалю эміграцыі з нашай зямлі ад часоў Касцюшкі і Каліноўскага»
Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра цяперашнюю хвалю эміграцыі і яе магчымыя перспектывы ў замежжы.
![krambambula_630.jpg krambambula_630.jpg](/img/v1/images/krambambula_630.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вы калі-небудзь задумваліся, колькі ў вас Беларусі? Ці колькі у Беларусі — вас? — піша Віктар Марціновіч. —
Ці моцна пацярпіць Радзіма, калі вы з’едзеце? Ці выйграе, калі вы вернецеся?
Дурню зразумела, што проста цяпер мы бачым найбуйнейшую
хвалю эміграцыі з нашай зямлі ад часоў паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага.
Адрозненне ў тым, што тады не было такой краіны — Беларусь. Людзі беглі ў Парыж
ці Санцьяга дэ Чылі з месцаў, якія самі называлі Польшчай. Цяпер жа бягуць
беларусы і з Беларусі. Беларусь зрабілася ці не самым згадваным месцам ў
замежных медыях на ўсёй постсавецкай прасторы.
Галоўнае ж — і гэта вяртае нас да пытання, з якога пачынаўся
гэты допіс, — бягуць самыя актыўныя. Самыя абазнаныя. Самыя свядомыя.
Бог, як вядома, няроўна дзеліць. Розніца паміж чалавекам,
здольным напісаць гімн, які калі-небудзь стане афіцыйным, і тым, хто такі гімн
спявае, — агромністая. І колькасць паэтаў, тэатралаў, мастакоў, рэжысёраў, якія
з’ехалі, мусіла б насцярожваць.
Але я сеў за гэты тэкст не для таго, каб сапсаваць вам
настрой. Наадварот, мая мэта — заахвоціць.
Глядзіце, куды б у свеце вы ні прыехалі, вы заўсёды
знойдзеце недзе побач ірландскі бар — і, нават не заходзячы ў яго, будзеце
ведаць, што такое ірландскі бар, з дубовай стойкай, драўлянымі панэлямі,
зялёнымі скуранымі фатэлямі, з Guiness у пляшках і Clannad з дынамікаў.
Прычына, з якой любы гарадскі жыхар любой мясціны на свеце ведае, што такое
ірландскі пастуховы пірог, палягае ў тым, што некалі з Ірландыі была такая ж
хваля эміграцыі, якая ідзе цяпер з Беларусі. Там таксама людзі глынулі гора —
пачытайце пра брытанскі каланіялізм і пра барацьбу ірландцаў за вызваленне.
Вынік — усе ведаюць цяпер, што такое Ірландыя.
Куды б, у які горад у свеце вы ні паехалі, вы заўсёды
знойдзеце ў ім прыстойны армянскі рэстаран. Дзе будуць частаваць «Араратам»,
салодкім (занадта салодкім, як на мой густ!) сухім армянскім віном, гатаваць
востры таматны суп, частаваць лахмаджо і хачапуры.
І гэта, зноў жа, абумоўлена тым, што некалі лютавалі асманы,
была вялікая дэпартацыя і падзеі 1915–1923 гадоў, якія маюць назву «генацыд
армян». Генацыд выклікаў масавую эміграцыю, а ў эміграцыі армяне засталіся
армянамі і расказалі ўсяму свету пра сваю краіну, сваю музыку, сваю кухню і
свой смутак па страчанай гары Арарат.
Масавая эміграцыя італьянцаў у ЗША прывяла да таго, што
ўвесь свет сёння ведае, што такое піца «Маргарыта»; масавы ад’езд яўрэяў з СССР
прывёў да з’яўлення Брайтан-Біч і таго, што нікому за межамі Расіі не варта
тлумачыць, што такое matrioshka.
Нешта такое будзе і з цяперашняй хваляй ад’ездаў беларусаў з
Беларусі.
Я не маю ніякіх ілюзіяў і ўсведамляю, што хутка гэта ўсё не
нармалізуецца. То тыя, хто з’ехаў, застануцца за мяжой. Але паколькі,
паўтаруся, з’ехалі самыя актыўныя, у мяне няма ніякіх сумневаў у тым, што
Беларусь will go global.
Што беларускія музыкі раскажуць іншаземцам пра хараство
матчыных спеваў. Што паэты зачаруюць іх мілагучнасцю нашай мовы. Што кухары
змусяць увесь свет замаўляць matchanka s blincami і куляць пад яе стопку
krambambulia.
То ці варта нам смуткаваць, сябры? Нашая культура — культура
ў шырокім разуменні гэтага слова — будзе жыць даўжэй за нас. Той след, які мы
пакідаем у мове, у музыцы, у гісторыі, не знікне, пакуль не памрэ апошні
суайчыннік, што мае імпэт да беларускага свету. Дык давайце ўспрымаць тое, што
адбываецца, не як чорныя часы для нашай мовы, нашых песняў і нашых сімвалаў.
А як выхад нашых акцый на IPO.
Сусветныя медыі, што перагрэлі інфармацыйны парадак дня
навінамі пра тое, што тут дзеялася і яшчэ дзеецца, зрабілі фантастычную рэкламу
будучым культурніцкім ініцыятывам замежжа. І калі б я быў свядомым, абазнаным у
навінах і глабальных праблемах французам ці канадцам і праставаў па вуліцы, на
якой ёсць рэстарацыя тыбецкай кухні і рэстарацыя беларускай кухні, цяпер я б
відавочна аддаваў перавагу не тыбецкім momo, а беларускім draniki.
У часы, роўныя нашым, кожны сам робіць свой выбар. А
зрабіўшы, ні ў якім разе не падвучае іншых, бо ў кожнага з нас свая біяграфія.
Але тыя, што з’ехалі, таксама застануцца беларусамі. І нашыя межы, такім чынам,
разнасцежваюцца на ўвесь свет. Дык ці варта смуткаваць, сябры?
Ці варта смуткаваць?