Рамесніку з Верхнядзвінска прысудзілі 2,5 гады «хіміі» за каментары
Стала вядома пра вынікі судовага пасяджэння па справе Дзяніса Пяцько, якую 23 лютага разглядаў суд Верхнядзвінскага раёна.
Вядома, што абвінавачанаму 34 гады. У Верхнядзвінску мужчына
займаўся рамесніцтвам. Напрыканцы кастрычніка 2021 года мужчыну затрымаў
ГУБАЗіК. Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ўлетку 2020 года ён, будучы
адміністратарам закрытага тэлеграм-чата, напісаў абразлівыя каментары пад
фотаздымкамі супрацоўнікаў Узброеных Сіл, старшага памочніка пракурора аднаго з
раёнаў Мінска, журналістаў і Лукашэнкі. У выніку мужчыне прад'явілі
абвінавачванні адразу па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 368 («Абраза
прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Падрабязнасцяў з залы суда ў правабаронцаў няма. Вядома толькі, што ў выніку суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў Дзяніса Пяцько вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 368 і арт. 369, прысудзіўшы 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.