Рэха “афрыканкай чумы” ў Бярозе: у вяскоўца анулявалі даведку на вядзенне гаспадаркі

Незаконнасць вядзення дапаможнай гаспадаркі Аляксандрам Аліхверам улады ўбачылі толькі пасля ягоных актыўных пратэстаў супраць знішчэння пагалоўя свіней — праз некалькі гадоў, і ў выніку анулявалі даведку на яе вядзенне. Цяпер А. Аліхвер не можа ні гадаваць, ні прадаваць свіней, а іх у гаспадара 200.



alihver_aliaksandr.jpg

Аляксандр Аліхвер

Зацяжная вайна з уладамі супраць незаконнасці іх рашэння па знішчэнню здаровых свіней да 15 жніўня ў 5-кіламетровай зоне ад дзяржаўных невялікіх свінаферм, а пасля выхаду 29 жніўня адпаведнай Пастановы Саўміна ўжо супраць знішчэння свайго пагалоўя, прывяла да таго, што цяпер займацца гаспадаркай ён увогуле не мае права.

Чыноўнікі ў сваю чаргу, каб правучыць непакорнага гаспадара, цяпер адмаўляюцца набываць ў А. Аліхвера свіней нават за 18 тысяч за кілаграм. У пісьмовым адказе яны напісалі, што знішчаць пагалоўе не маюць права, паколькі ў раёне няма эпідэміі афрыканскай чумы (чаму тады знішчылі свіней у 17 вёсках?).

Да гэтага кожны дзень гразіліся прыйсці да Аліхвера з міліцыянтам і работнікам сельвыканкама, каб знішчыць без кампенсацыі, на што Аляксандр быў згодны: без кампенсацыі, але паводле закону і з афармленнем патрэбных папер. Улады на гэта не пайшлі, а зараз чакаюць знішчэння гаспадаркі самім свінаводам.

А. Аліхвер рыхтуе заяву ў суд на асоб, датычных да яго разарэння, у першую чаргу — намесніка начальніка Бярозаўскага сельгасупраўлення Аляксея Жоўцікава.

Ён не выключае, што гэта стане прыкладам для іншых вяскоўцаў, у якіх знішчылі свіней, як ён лічыць, незаконна.

spring96.org