Рэгістрацыю юрасобаў у Беларусі прапануюць зрабіць толькі па-руску. Зараз яна адбываецца на дзвюх мовах

Падобна, што ахвярай «глыбокай інтэграцыі» можа стаць нават тая мізэрная колькасць беларускай мовы, што яшчэ засталася ў афіцыйнай сферы.  

commons.wikimedia.org

commons.wikimedia.org

Да 6 снежня на сайце «Прававы форум Беларусі» праходзіла грамадскае абмеркаванне новага законапраекта — Праект Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання». Абмеркаванне гэтае хоць і называецца «грамадскае», але мае афіцыйны характар, яно ініцыяванае Міністэрствам юстыцыі. Гэты закон павінны прысці на змену дзеючаму дэкрэту №1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання» ад 2009 года. Законапраект плануецца да ўнясення у парламент у верасні 2020 года.
Да гэтага часу для рэгістрацыі назваў юрыдычных асобаў падаюцца варыянты назваў арганізацый на дзвюх мовах — на рускай і беларускай, і абодва варыянты заносяцца ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадыпрмальнікаў (АДР). Пры гэтым спецыялісты дзяржрэгістра, хоць і вымушаныя паводле закона заносіць у рэгістр дзве моўныя формы назваў і мець беларускамоўную версію сайта, сваё праграмнае забеспяэчнне робяць толькі на рускай мове і выпіскі афармляюць толькі на ёй.
Прапанаваны законапраект ў асноўным паўтарае тое, што прапісана ў дэкрэце, але мае адно адрозненне: прапануецца на заканадаўчым ўзроўні замацаваць, што афіцыйныя назвы арганізацыяў цяпер будуць заносіцца ў дзяржрэгістр толькі на рускай мове.
Пункт 3 артыкула 9 законапраекта мае наступны змест: «Вядзенне Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ажыццяўляецца на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, выбар якой вызначаецца праграмна-тэхнічнымі ўмовамі і мовай прыняцця нарматыўных прававых актаў, якія выкарыстоўваюцца пры вядзенні АДР». Азначаная фармулёўка ўстанаўлівае дыскрымінацыйны падыход для вядзення рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў: выбіраць будуць не карыстальнікі, а сам дзяржрэгістр. Дакладней — ужо выбраў: у пункце 3.2 абгрунтавання да законапраекта адназначна гаворыцца, што рэгістр будзе весціся толькі на рускай мове: «Праектам Закона вырашаецца пытанне выбару адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, на якой вядзецца АДР». Заканадаўца апрыёры зыходзіць з таго, што з дзвюх дзяржаўных моваў у дыскрымінаваным стане павінная быць беларуская мова.
Прапанваны парадак вядзення рэгістра будзе пазбаўляць беларускамоўных грамадзян Беларусі права на стварэнне суб'ектаў гаспадарання. На самым пачатку тэкста абгрунтавання даецца тлумачэнне: «Адным з асноўных мерапрыемстваў Праграмы дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, прынятай 8 снежня 1999 году, з'яўляецца уніфікацыя грамадзянскага заканадаўства» — так што маем справу з тымі самымі "таемнымі" дарожнымі картамі.
На думку юрыста Асамблеі НДА Беларусі Юрыя Чавусава, азначаны парадак, прапанаваны законапраектам, супярэчыць артыкулу 23 Канстытуцыі, які ўстанаўлівае, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
«На маёй памяці гэта ці не першы такі нахабны законапраект, які наўпрост піша "будзем працаваць афіцыйна толькі па- руску". У падзаконных актах — так, бывала, але ў законах стараліся сарамліва пісаць "і (ілі)" ну ці ўвогуле абыходзілі гэтае пытанне. Прапанаваныя праектам закона нормы супярэчаць артыкулу 5 і 6 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", а таксама іншым нормам гэтага закона», — адзначае Юрый Чавусаў.
Няўжо Беларусь, як айці-краіна, не можа справіцца з задачай вядзення рэгістра на дзвюх мовах, а толькі на адной можа?