Сяргей Чалы аб перспектывах беларускай улады: Нельга перамагчы ўвесь народ, які адмовіў у любові
Вядомы эканаміст — аб новай якасці, у якой сёння знаходзяцца улады.
Каментуючы ў стрыме «Еўрарадыё» апошнія падзеі, эканаміст
Сяргей Чалы выказаў меркаванне аб тым, што з нядаўніх часоў не даводзіцца
казаць пра беларускія ўлады, як пра адзінае цэлае.
— Падобна на тое, што працуе адразу некалькі розных
напрамкаў. Сілавікі вырашаюць адну задачу, МЗС —другую. Па-мойму, усё кіраванне
зводзіцца да «хацелак». Раз — хачу самалёт з Пратасевічам. Хачу, каб паказалі
зняважанага асабістага ворага. І пляваць на выдаткі, — кажа аналітык.
Працуюць дзве розныя лініі, лічыць Чалы. Адна, якая разумее,
што ніякага паслаблення быць не можа, бо абраны курс на эскалацыю гвалту.
Гэта значыць, прыкладна тое ж самае, што і першыя тры дні пасля выбараў, толькі
ўжо больш маштабна, па ўсёй краіне, а не толькі ў Мінску і вялікіх гарадах.
Пры гэтым, для працягу руху ў гэтым кірунку для Лукашэнкі
дастаткова асабістага ўсведамлення таго факту, што «любімая канчаткова
падала на развод» і далей застаецца толькі сілавое падаўленне ўсіх нязгодных.
— Другая лінія — выклікаем Макея і гаворым: «А цяпер я хачу, каб
пачаўся, як гэта называлася раней, працэс нармалізацыі. Рабіце, што для гэтага
трэба». І яны спрабуюць рабіць.
Нармалізацыя сёння, кажа Чалы, гэта перспектыва выхаду на
свабоду людзей, якія, калі б не змененыя нядаўна законы, наогул ні ў чым не
вінаватыя. Або інтэрв'ю закладніка, які з усмешкай на твары кажа журналістам,
як у яго ўсё добра ў СІЗА.
Эксперт не згодны з некаторымі з калегаў, якія выказалі
здагадку, што Беларусь апынулася ў сённяшнім становішчы краіны-ізгоя надоўга:
— Так, адбылося тое, чаго так баяўся Лукашэнка. Ён перайшоў
тую самую чырвоную лінію, аб якой так шмат казаў. Гэта сапраўды пераход у новую якасць. ( ... ) У гэтых людзей (экспертаў) пачынае складвацца ўражанне,
што гэта новы працяглы працэс. Я пакуль ніяк не магу пагадзіцца з гэтым пунктам
гледжання. ( ... ) У мяне няма адчування ўстойлівасці таго стану, у які мы
перайшлі.
Па словах Чалага, галоўная якасць, у якой сёння знаходзіцца
ўлада — немагчымасць дасягнуць пастаўленых мэтаў:
— Нельга перамагчы ўвесь народ, які адмовіў у любові.
Немагчыма прыдумаць такую хітрую схему: «А давайце мы будзем кіраваць вечна, але
адмовімся ад выбараў». Бо выбары, як вядома, мабілізуюць грамадства.
Нельга зрабіць так, што «давайце я пайду, а далей як-небудзь Рада бяспекі
без мяне».
Улады сёння знаходзяцца ў падвешаным стане, у сітуацыі, калі
нельга адыграць назад, перакананы Чалы.
На думку эксперта, адным з галоўных наступстваў нядаўніх
падзей стала развітанне ўлады з ілюзіямі.
— Як кажуць псіхолагі, ты там, дзе твая ўвага. Ён (Лукашэнка) вельмі баяўся апынуцца ў коле палітыкаў-ізгояў. Ён марыў быць нейкім
аналагам Пілсудскага. Для яго цяпер крах праекта ўсяго жыцця. Гэта вельмі
цяжка, хваравіта. І ён пакуль спраўляецца з гэтым шляхам нагрувашчвання версій
аб сусветнай змове супраць яго. Увесь свет супраць яго, усё больш складаныя
канструкцыі даводзіцца выбудоўваць, каб захаваць душэўную раўнавагу. І не
прызнаць у канчатковым рахунку, што ўсё ён зрабіў сам, пачынаючы з жадання
намаляваць сабе 80 працэнтаў 9 жніўня.
Паводле «Салідарнасці».