Сяргей Міхалок: Нашы глядзяць, які закон Лукашэнка прыме, а ўкраінцы адчуваюць, што самі могуць нешта змяніць

Павел Шарамет апублікаваў вялікае інтэрв'ю з лідэрам гурта «Brutto» Сяргеем Міхалком на партале «Украінская праўда».



mihalok2.jpg

Павел Шарамет задаў, у прыватнасці, і такое пытанне: «Ты паспрабаваў жыць у Маскве, адаптавацца там. Палову жыцця пражыў у Мінску. Зараз жывеш ва Украіне. Ёсць розніца паміж народамі — беларускім і ўкраінскім? Ці ўсе людзі аднолькавыя?»
«Розніца ёсць. Нават у сваім цынізме велічэзная розніца. Нашы пра Украіну: «Калі там нешта зменіцца, калі яны ўсё-ткі штосьці зробяць?» Нашы ўсе глядзяць, які цяпер закон Лукашэнка прыме, закране гэта іх або не. Украінцы ў некаторыя моманты кажуць: «А мы будзем рабіць самі». Таксіст мне кажа: «Я працую таксістам, я сам жыву». У іх больш адчування таго, што яны самі могуць нешта змяніць. Самі!
Украінцы больш за расіян і беларусаў гатовыя браць адказнасць за сваё жыццё. Я не чуў ад іх калектыўнай незадаволенасці кімсьці. Вось у чым велічэзная розніца.
Калектыўную незадаволенасць беларусаў кімсьці я бачыў, калектыўную незадаволенасць расіянаў кімсьці — таксама. У украінцаў ёсць калектыўная незадаволенасць да агрэсара, таго, хто на іх напаў. Але я не бачыў калектыўнай незадаволенасці венграмі. Ці кімсьці яшчэ. Я не бачыў гэтага.
Але пры гэтым яны баявыя! І ў гэтым — еўрапейскі падыход: «Я тут жыву, буду займацца сваімі справамі, не чапай мяне, мы тут усё зробім». Мы ў Адэсе жывём, мы ў Адэсе зробім усё клас. Там зробім рэстаран, там яшчэ штосьці, мы працуем, мы муцім, пятае-дзясятае. У гэтым сэнсе годнасць і гонар як велічэзная адказнасць за сваё ўласнае жыццё. Вось гэта — Украіна.
Таму іх стыхійнае можа перарасці ў стваральнае. Таму на Майдане — і беларусы, і грузіны. Яны прыехалі і былі ўражаныя. Ты што не бачыў, як гэта было крута? І нават цяпер я бачу, што краіна ў гэтым плане на ўздыме…
Што мне яшчэ падабаецца — маракі тут вяртаюцца і распавядаюць, што вось там класна, там прыгожа, там выдатна. А беларусы вечна прыедуць з Еўропы і давай ганіць — там чэргі, там тое, там сёе. Расіяне ўвесь час кімсьці незадаволеныя. Яны ўсе кімсьці незадаволеныя. Ім падавай, хто вінаваты ў іх жыцці. То чуркі вінаватыя, то зараз чуркі не ворагі, хахлы вінаватыя… Галоўнае, што хтосьці вінаваты, толькі не мы самі. Ніякай асабістай адказнасці. Гэта хто, я зрабіў, ці што? Галоўнае, каб не адказваць ні за што: «Гэта не я, гэта не мы».
І яшчэ важнае адрозненне. У розных краінах, розных гарадах ўкраінцы заўсёды аб'ядноўваюцца — школы нацыянальныя, гурткі нейкія, газеткі друкуюць, ходзяць у вышыванках і з вянкамі. Беларусы ўсе раз'яднаныя, рускія наогул хаваюцца адзін ад аднаго. А ўкраінцы трымаюцца разам», — так, з уласцівай яму рэзкасцю, адказаў Міхалок на адно з пытанняў Шарамета.
Поўны тэкст гэтага інтэрв'ю — на партале «Украінская праўда»