Стаўка на рэпрэсіі ў разы падвышае імавернасць калапсу сістэмы
Дырэктар недзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі аналізуе ў Свабодзе кардынальныя перамены, якія адбыліся за апошнія гады ў беларускім грамадстве, заяўляе, што рэпрэсіі ўжо не дзейнічаюць, і тлумачыць, чаму менавіта мірны пратэст найбольш плённы і эфектыўны.
— Сацыёлагі, палітолагі кажуць пра кардынальныя змены ў светапоглядзе і каштоўнасцях, якія адбыліся за апошнія гады ў беларускім грамадстве, што і прывяло да нечаканых для многіх масавых пратэстаў. Якія з гэтых зьменаў, на вашую думку, самыя прыкметныя і важныя?
— Я б назваў тры асноўныя змены ў мысленні і каштоўнасных устаноўках беларусаў, якія і стварылі перадумовы для сёлетніх пратэстаў.
Па-першае, звузіўся феномен “вывучанай бездапаможнасці”. Як паказвае сусветнае апытанне наконт каштоўнасьцяў, за апошнія 10 гадоў удвая вырасла колькасць прыхільнікаў пераканання, што яны маюць свабоду выбару і самі ўплываюць на сваё жыццё. Гэта надта важна, калі людзі перастаюць мысліць у катэгорыях “ад мяне нічога не залежыць” і пачынаюць думаць у кірунку “я шмат на што ўплываю ў сваім і ў грамадскім жыцці”.
Па-другое, знізілася колькасць асобаў з патэрналісцкімі чакальнямі. Амаль утрая зменшылася колькасць людзей, упэўненых, што добраўпарадкаванне жыцця чалавека — выключна задача дзяржавы. Разам з гэтым амаль у 4 разы пабольшала тых, хто лічыць, што людзі самі павінны браць адказнасць за сваё жыццё ў свае рукі.
Таксама стала больш перакананых у тым, што канкурэнцыя — добрая рэч. Тыя, хто верыць у неабходнасць канкурэнцыі, вераць у важнасць празрыстых правілаў, бо нармальная канкурэнцыя можа быць тады, калі функцыянуе закон і ёсць больш-менш прадказальныя правілы гульні.
Іншы момант — паболела тых, хто талерантна альбо пазітыўна ставіцца да няроўнасці ў даходах. На пачатку дэкады толькі 8 працэнтаў беларусаў лічылі гэта нечым станоўчым, у канцы 2010-х — ужо 23 працэнты. Карацей кажучы, каштоўнасныя змены адбываюцца даволі актыўна.
— Грамадства змянілася, але беларуская ўлада не пажадала рэагаваць на гэтыя зрухі ў светапоглядзе беларусаў. Але чаму? Раней, як падаецца, улада імкнулася хаця б у нейкай ступені адпавядаць настроям большасці.
— Цягам усяго існавання лукашэнкаўскага рэжыму ўлада рэагавала на грамадскія настроі “з горам напалам”. Некаторыя рэчы бралі пад увагу, былі эканамічна спрыяльныя ўмовы ў нулявых гадах, “сацыяльны кантракт” функцыянаваў. І гэта прывяло да самазаспакаення аўтарытарнай дзяржавы. І гэта заканамерна, бо аўтарытарная дзяржава не хоча рэагаваць, калі зьяўляюцца новыя выклікі. Выклікі пачыналі нарастаць, акумулявалася пэўнае незадавальненне.
Апрача гэтага, наклаўся шэраг пераменных абставінаў — ковід адзін з такіх чыннікаў, які вельмі моцна падштурхнуў грамадства. Яшчэ да ковіду назіралася эканамічная стагнацыя. Потым у якасці патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі зьявіліся асобы з вельмі моцным сацыяльным капіталам — Бабарыка, Цапкала.
Але ўсяго гэтага было б недастаткова, калі б унутры грамадства ў каштоўнаснай сферы не адбыліся кардынальныя змены.
— І цяпер мы назіраем карціну, адваротную 1991 году. Тады імклівыя палітычныя і эканамічныя змены абганялі змены ў каштоўнасцях, якія так хутка не маглі адбыцца. А цяпер, як выглядае, усё наадварот — грамадства змянілася, але ўлада засталася тая самая, з тымі ж прынцыпамі, далёкімі ад сучаснасці. Як доўга гэта можа адбывацца — калі грамадства і ўлада не супадаюць?
— Так, гэта вельмі трапнае супастаўленне. Аналіз некалькіх сотняў гістарычных выпадкаў, які праводзіўся ў адпаведных даследаваннях, паказвае, што перыяд, калі “грамадства актыўна не супадае з уладай”, можа трываць ад некалькіх месяцаў да 10 гадоў. Калі грамадзкі ўздым вельмі моцны і магутны і калі да гэтага дадаецца спрыяльная замежнапалітычная абстаноўка — то перамены могуць быць даволі хуткімі.
У беларускай сітуацыі грамадкі ўздым вельмі выразны і магутны. Гістарычна статыстыка паказвае, што 3,5 працэнта насельніцтва — удзельнікаў акцыяў пратэсту — той парог, які запускае незваротныя працэсы. То бок вярнуцца да статус-кво немагчыма. У Беларусі гэты парог быў перакрочаны.
Тым не менш гэта яшчэ аўтаматычна не азначае, што перамены хутка павінны наступіць. Тут вельмі важны замежнапалітычны чыннік, тое, што Беларусь гэтак моцна прывязаная да Расіі, а Расія займае пэўную пазіцыю. Тым не менш пэўныя сігналы, якія паступаюць з Масквы, паказваюць, што і там разумеюць немагчымасць захавання статус-кво.
Таксама застаецца пытанне, што прыйдзе на змену старой беларускай сістэме. Гэта можа быць нейкі гібрыдны рэжым, але можа быць і паўнацэнная дэмакратыя.
— Зараз нярэдка цытуюць славутую фразу, што “на штыхах доўга сядзець немагчыма”. І сапраўды, раней беларускі рэжым быў папулісцка-аўтарытарным, абапіраўся на пэўную падтрымку насельніцтва. А ўжо ў дні перад выбарамі 9 жніўня, як мы памятаем, Лукашэнка наведваў амаль толькі вайсковыя і міліцэйскія часткі. Там былі ягоныя “выбарнікі”.
— Так, гэтае выказванне пра штыхі — не проста крылатая фраза. На базе даследаванняў гістарычных выпадкаў робіцца выснова, што стаўка на рэпрэсіі ў доўгатэрміновай перспектыве ў разы падвышае імавернасць калапсу сістэмы. Рэпрэсіі могуць добра працаваць, калі іх стасуюць да ізаляванай групы грамадства, якая знаходзіцца ў меншасці. Тады большасць альбо падтрымлівае рэжым, альбо пасіўна назірае.
Але калі рэпрэсіі вельмі шырокія і закранулі ў Беларусі 30 тысячаў чалавек, а лічбу трэба памнажаць у дзясяткі разоў, бо гэта закранае родных, сяброў, знаёмых, — то гэты інструмент контрапрадуктыўны, нават у сярэднетэрміновай перспектыве.
— Людзі чытаюць і слухаюць такія даволі аптымістычныя ацэнкі палітолагаў, але многія прыхільнікі пераменаў не хочуць чакаць, а хацелі б як мага хутчэй убачыць перамогу. І некаторыя з іх пачынаюць думаць і заяўляць, што мірны пратэст не дае плёну, трэба спрабаваць іншыя шляхі. Што вы адкажаце на гэта?
— Нягледзячы ні на што, трэба адкінуць эмоцыі і ўключыць рацыянальнае мысленне і здаровы сэнс. У выпадку, калі б пратэст перайшоў мяжу ад мірнага да гвалтоўнага (калі б пачаліся захопы будынкаў, фізічныя расправы), то адбылося б наступнае.
Па-першае, радыкальна знізілася б колькасць удзельнікаў акцыяў пратэсту. Было прааналізавана каля 600 выпадкаў у свеце, і аналіз паказаў, што радыкалізацыя ў сярэднім у 4 разы зніжала колькасць удзельнікаў акцыяў пратэсту. А калі колькасць пратэстоўцаў зніжаецца, тады лягчэй аддзяліць і ізаляваць пратэстоўцаў ад астатніх.
У выпадку гвалтоўнага пратэсту таксама адбудзецца кансалідацыя элітаў. Цяпер ёсць хістанні, ёсць дэзерцірства, пераход на бок пратэстоўцаў, людзі сыходзяць з дзяржаўных структураў — можа быць, не так масава, як нам хацелася б. Але ў выпадку гвалтоўнага пратэсту людзі з наменклатуры і тым больш сілавых структураў увогуле перастануць вагацца. Карацей, кажучы, гэта контрапрадуктыўна.
— Што можа стаць асноўным штуршком, якія канчаткова зменіць сітуацыю на карысць пратэстоўцаў?
— Няма такога аднаго пункту, які б адназначна гарантаваў падзенне рэжыму і пераход да дэмакратыі. Можна назваць чыннікі, якія падвышаюць імавернасць гэтага. У нашым выпадку гэта пазіцыя Расіі. Калі яна пяройдзе ў фазу больш рашучага патрабавання ад Лукашэнкі сысці, то гэта падвышае імавернасць ягонай адстаўкі. Пасля гэтага я дапускаю этап гібрыднага рэжыму — паўдэмакратычнай, паўаўтарытарнай формы. Іншы пункт — эканамічны крызіс, які, вельмі праўдападобна, будзе працягвацца і пашырацца.
І, вядома, шмат залежыць ад таго, як павядзе сабе пратэставы рух. Я не маю на ўвазе, што ён абавязаны бесперапынна дзейнічаць. Можа наступіць пэўная паўза, магчыма, з псіхалагічнага гледзішча яна апраўданая і нават пажаданая. Але выключна дзеля таго, каб увесну выбухнуць з новымі сіламі, напрыклад, на 25 сакавіка.