Стрымінгавы сэрвіс Amazon Prime Video адмяняе ўсе падпіскі ў Беларусі

«Prime Video адменіць раней прыпыненыя падпіскі з 25 студзеня 2023 года. У выніку вы не зможаце працягваць стрымінг кантэнту Prime Video», гаворыцца ў лісце, які атрымалі беларускія карыстальнікі.

amazon_prime_video_im_test_2048x1152_aa7b44902f80ff32.jpg


Для тых, хто з’ехаў з краіны, але мае падпіску, аформленую яшчэ ў Беларусі, кампанія прапанавала зарэгістраваць новы акаўнт у іншай краіне. Пры гэтым ні на сайце кампаніі, ні на сайце сэрвісу паведамлення аб закрыцці падпіскі для Беларусі няма. Такія паведамленні былі разасланы карыстальнікам асабіста, паведамляе «Радыё Св*бода».

Amazon Prime Video, таксама вядомы проста як Prime Video — гэта амерыканская служба стрымінгавай перадачы і пракату відэа па запыце падпіскі Amazon, прапанаваная як асобная паслуга альбо як частка падпіскі Amazon Prime. Сэрвіс у асноўным распаўсюджвае фільмы і тэлесерыялы, вырабленыя «Amazon Studios» і «MGM Holdings» або ліцэнзаваныя Amazon, як Amazon Originals, пры гэтым сэрвіс таксама размяшчае кантэнт ад іншых пастаўшчыкоў, дапаўненні да кантэнту, прамыя трансляцыі спартыўных падзей, а таксама паслугі пракату і куплі відэа.

Для доступу да сэрвісу, які працуе па ўсім свеце, можа спатрэбіцца поўная падпіска на Prime. У такіх краінах, як Злучаныя Штаты, Злучанае Каралеўства і Германія доступ да сэрвісу магчымы без поўнай падпіскі на Prime, а ў Аўстраліі, Канадзе, Францыі, Індыі, Турцыі і Італіі доступ да сэрвісу магчымы толькі праз спецыяльны вэб-сайт.

Prime Video дадаткова прапануе паслугу дадання кантэнту ў выглядзе каналаў «Amazon Channels» або «Prime Video Channels», якія дазваляюць карыстальнікам падпісвацца на дадатковыя паслугі падпіскі на відэа ад іншых пастаўшчыкоў кантэнту ў Prime Video.

Нагадаем, што ад пачатку вайны ва Украіне аб спыненні вяшчання ў Беларусі таксама абвясцілі стрымінгавыя пляцоўкі Disney і Apple. У сакавіку 2022 года Amazon спыніў рэгістрацыю новых кліентаў з Беларусі ў Amazon Web Services.

Ад пачатку вайны з Беларуссю адмовіліся працаваць розныя замежныя кампаніі. У прыватнасці, з Беларусі і Расіі нельга замовіць пэўныя антывірусы, у тым ліку папулярны Avast.