Валеры Карбалевіч: Беларусь у любым выпадку ўзначаліць «антылукашэнка»

Кейс Казахстану цікавы тым, што краіна перажывае пэрыяд пакутлівых спробаў пазбавіцца ад спадчыны аднаасобнай дыктатуры, рэжыму асабістай улады. І, магчыма, паказвае карціну беларускай будучыні, піша ў сваім блогу на «Радыё Св*бода» палітолаг Валеры Карбалевіч.


У палітычным становішчы Казахстану і Беларусі шмат агульнага. У абедзьвюх краінах існуюць аўтарытарныя рэжымы. І ў Беларусі (у 2020-м), і ў Казахстане (у 2022-м) здарыліся масавыя пратэсты насельніцтва. І Лукашэнка, і Такаеў звярнуліся па дапамогу да Пуціна.

Аднак далейшыя траекторыі эвалюцыі рэжымаў дзьвюх краінаў моцна разыходзяцца. У Беларусі ўлады жорсткімі рэпрэсіямі заганяюць краіну ў таталітарызм. У Казахстане пачалася трансфармацыя палітычнай сыстэмы ў бок большай адкрытасьці.

Апошнія навіны з Казахстану.

  • Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ аб роспуску ніжняй палаты парлямэнту краіны (Мажылісу) і ўсіх органаў рэгіянальнага самакіраваньня (масліхатаў).
  • Прызначаныя пазачарговыя выбары паводле новай Канстытуцыі, якая была прынятая ў верасьні мінулага году.
  • Раней Такаеў абвясьціў аб амністыі істотнай часткі ўдзельнікаў хваляваньняў у студзені 2022 году, а таксама выказаў жаданьне ўзмацніць ролю парлямэнту і абмежаваць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы адным сямігадовым тэрмінам.
  • Таксама абвешчана аб частковым пераходзе да выбараў кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў.
  • Уведзена забарона для блізкіх сваякоў прэзыдэнта займаць важныя пасады ў дзяржаўнай службе альбо ў дзяржаўных карпарацыях.

На падставе таго, што адбываецца ў Казахстане, можна гаварыць пра некалькі ўрокаў для Беларусі.


1. Розная рэакцыя на грамадзкія пратэсты

У двух рэжымаў розныя рэфлексія і рэакцыя на грамадзкія пратэсты. Лукашэнка з падзей 2020 году зрабіў адзіную выснову: трэба ўсё задушыць, загнаць пад плінтус, выціснуць зь Беларусі ўсіх незадаволеных, ператварыць краіну ў адзін вялікі канцлягер.

Такаеў жа, акрамя дэманстрацыі сілы і рэпрэсіяў, прыйшоў да высновы, што грамадзкае незадавальненьне, якое вылілася ў пратэсты, мела прычыну, таму дзеля разрадкі напружанасьці ў краіне трэба рабіць крокі насустрач народу, варта адказваць на запыт грамадзтва. Няхай гэтыя крокі пакуль невялікія, рэформы касмэтычныя, але ўлада дэманструе жаданьне слухаць людзей, ісьці ім насустрач. Падход прынцыпова адрозны ад беларускага.


2. Сыход Лукашэнкі амаль зь непазьбежнасьцю пацягне за сабой зьмену палітычнага рэжыму ў Беларусі

Досьвед Казахстану паказвае, што ў пэрсаналісцкіх рэжымах са зьменай аўтарытарнага лідэра мяняецца палітычны рэжым. У краінах з аднаасобнай уладай дыктатар стварае палітычную сыстэму пад сябе, паводле ўласнага вобразу і падабенства. І ў гэтую сыстэму цяжка перасадзіць іншую фігуру, чалавека зь іншым прозьвішчам. Бо палітычнае адзеньне іншага памеру. Гэта не абавязкова павінна быць дэмакратычная трансфармацыя. Яна проста іншая. Што, дарэчы, пацьвердзіў і досьвед суседняй з Казахстанам краіны, Узбэкістану. Прычым той факт, што пераемнік прызначаны папярэднім дыктатарам, мала ўплывае на гэты працэс.

Гэта азначае, што сыход Лукашэнкі амаль зь непазьбежнасьцю пацягне за сабой зьмену палітычнага рэжыму ў Беларусі. Каго б цяперашні дыктатар ні прызначыў у якасьці пераемніка.


3. Пераемніку патрэбен новы мандат — не ад папярэдніка, а ад народу

Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў палічыў, што асноўным кірункам дасягненьня легітымізацыі сваёй улады зьяўляецца дыстанцыянаваньне ад спадчыны непапулярнага ў грамадзтве папярэдніка, Нурсултана Назарбаева. Ён скарыстаўся пратэстамі, каб адхіліць былога дыктатара ад усіх уладных рычагоў. Сталіцы краіны Нур-Султану вярнулі ранейшую назву — Астана.

Сваякі Назарбаева пазбавіліся высокіх пасадаў, прывілеяў, некаторыя чальцы яго сям’і сталі фігурантамі крымінальных справаў. У новай рэдакцыі Канстытуцыі Казахстану прыбралі згадку пра «першага прэзыдэнта», «заснавальніка незалежнага Казахстану», тытул Елбасы. Пераемніку патрэбен новы мандат — прычым не ад папярэдніка, а ад народу, патрэбна новая грамадзкая дамова.

Таму можна рабіць выснову, што і ў Беларусі дзеля ўмацаваньня ўлады пераемнік Лукашэнкі павінен будзе выступіць у вобразе «антылукашэнкі», каб дыстанцыявацца ад ягонай палітычнай спадчыны. Легітымізацыя новага рэжыму пойдзе ў кірунку дэлукашэнізацыі. Бо Лукашэнка — таксычная фігура і атаясамленьне зь ім шкоднае для любога палітыка.


4. Тэрор і гульня ў дэмакратыю — рэчы маласумяшчальныя

Прыняцьцю новай Канстытуцыі Казахстану спадарожнічалі датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Гэта лягічна. Калі краіна стала на шлях пераменаў, то яны павінныя быць пасьлядоўнымі, хоць бы па форме.

Лукашэнка ў 2020 і 2021 гадах шмат разоў намякаў, што пасьля канстытуцыйнай рэформы магчымыя датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Але потым перадумаў. Што па-свойму таксама лягічна. Навошта новыя выбары, калі нічога мяняць не зьбіраесься? Тэрор і гульня ў дэмакратыю — рэчы маласумяшчальныя. Таму ня толькі датэрміновыя выбары не абвесьцілі, а нават чарговыя (мясцовыя і парлямэнцкія) перанесьлі на 2024 год. Лукашэнка разважаў пра тое, што варта б і прэзыдэнцкія выбары адмяніць, а прэзыдэнта выбіраць на «ўсебеларускім народным сходзе». Каб «не ўзбуджаць народ» і «не дэстабілізаваць сытуацыю». Трэнд, абсалютна процілеглы казахстанскаму.


5. Папулярнасьць Такаева моцна вырасла ў зьвязку зь ягонай дакладнай і пасьлядоўнай пазыцыяй у пытаньні вайны Расеі супраць Украіны

Кіраўніцтва Казахстану дыстанцыявалася ад палітыкі Крамля, выступіла ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Кіеву была аказаная гуманітарная дапамога. Усё гэта палепшыла імідж казахстанскага прэзыдэнта як самастойнага палітыка. Згодна з патрабаваньнем Такаева войскі АДКБ былі хутка выведзеныя з Казахстану пасьля задушэньня пратэстаў у студзені 2022 году.

Мяркую, калі б Лукашэнка не падтрымаў расейскую агрэсію, паўтарыў досьвед 2014 году (палітыка нэйтралітэту), ягоная папулярнасьць таксама вырасла б. Аднак ён настолькі моцна зьвязаў сваю ўладу з падтрымкай Крамля, са стаўкай на голы гвалт, што стаў закладнікам крамлёўскай авантуры, страціў пачуцьцё небясьпекі. Калі Такаеў напярэдадні вайны дамогся вываду войскаў АДКБ (найперш, расейскіх войскаў), то Лукашэнка, наадварот, якраз перад пачаткам агрэсіі запрасіў расейскія войскі ў Беларусь на вучэньні. І атрымаў статус суагрэсара. З усімі адпаведнымі наступствамі, многія зь якіх яшчэ чакаюць яго наперадзе.

Захаваны правапіс арыгіналу




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: