Студэнт Кастусь Ахроменка распавёў, як яго збілі міліцыянты (відэа)

Пасля розгаласу вакол збіцця журналіста TUT.by студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кастусь Ахроменка распавёў, як яго збіла міліцыя. Гэта адбылося яшчэ 20 снежня. Яму зламалі нос, нагу, парвалі вусны. Кастусь зняў пабоі і напісаў заяву ў міліцыю. Але ён сумняваецца, што заява будзе разгледжаная.

Кастусю Ахроменку 21 год, ён навучаецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і грае ў гурце «Дзеці падзямелля». 20 снежня пасля канцэрту іх з сябрам затрымалі на вакзале супрацоўнікі АМАПу. Паводле Ахроменкі, АМАП стаў вельмі агрэсіўна ставіцца, пачуўшы беларускую мову. 

«Яны патрабавалі, каб я размаўляў па-руску, іначай завядуць мяне ў пастарунак. Я сказаў, што краіна называецца Беларуссю і хоць нехта мусіць тут размаўляць па-беларуску. Нас адвялі ў пастарунак, і адзін з супрацоўнікаў пачаў казаць мне: „Ну что, будешь со мной по-русски говорить, а свой белорусский можешь себе в жо*у засунуть“. Я не вытрымаў і плюнуў яму ў твар».

Пасля гэтага, як кажа Ахроменка, яго кінулі тварам на падлогу і пачалі збіваць, пакуль ён не страціў прытомнасць.

«Па выніку ў мяне зламаныя нос, нага і гематомы па ўсім целе. У такім стане я правёў ноч» — кажа Ахроменка. 

Відэа: Intermarium.by

Пасля гэтага Кастусь зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт. Але ён сумняваецца, што заява будзе разгледжаная.

www.svaboda.org