Суд зменшыў штраф праціўніку будаўніцтва акумулятарнага завода
Брэсцкі абласны суд 3 красавіка разгледзеў скаргу праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Віталя Казака.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, актывіст абскардзіў пастанову суда Ленінскага раёна Брэста. 18 лютага гэты суд аштрафаваў Казака на 40 базавых велічынь (1020 рублёў), прызнаўшы вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).
Казака судзілі за тое, што 10 лютага ў Брэсце на вуліцы Савецкай, ля кінатэатра «Беларусь», ён падышоў да вулічнага музыканта, у якога была гукаўзмацняльная апаратура, і папрасіў уключыць запісаную ў мінулым годзе брэстаўчанамі песню «Жыць». Гэта версія на музыку аднайменнай песні Ігара Мацвіенка з народным тэкстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
«Сёння абласны суд пакінуў без змены артыкул, па якім Казака прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, але паменшыў на 15 базавых велічынь памер прызначанага яму штрафу, — сказаў праваабаронца. — Я лічу, дзеянні актывіста не маюць ніякага дачынення да масавага мерапрыемства. Адміністрацыйная справа ў дачыненні да Казака штучна створана, каб запалохаць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода».
10 лютага на плошчы Леніна ў Брэсце чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода — каля 200 чалавек. Грамадзяне, сярод якіх быў Віталь Казак, прайшлі ад плошчы па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь». Пасля гэтага яны разышліся.
15 кастрычніка 2018 года суд Ленінскага раёна аштрафаваў Казака на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла напярэдадні на плошчы Леніна.
Сустрэчы гараджан, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам, праходзяць на плошчы кожную нядзелю, пачынаючы з 25 лютага мінулага года.
naviny.by