Што новага спытаюць на перапісе насельніцтва ў 2019 годзе?

Чарговы перапіс насельніцтва Беларусі пройдзе 4–30 кастрычніка 2019 года. Папярэдні праходзіў у 2009 годзе. Як і раней, звесткі будуць збіраць «пешыя» перапісчыкі, якія будуць хадзіць па кватэрах з перапіснымі лістамі.

Фота: cooperativataxitorino.it

Фота: cooperativataxitorino.it

Нацыянальны статыстычны камітэт ужо падрыхтаваў папярэдні спіс пытанняў. Базавыя пытанні, у тым ліку пра мову, нацыянальнасць, жыллёвыя ўмовы ці прыбыткі, ня зменяцца. Але маюць з'явіцца новыя пытаньні. Канчатковы варыянт перапіснога ліста ўрад зацвердзіць у 2018 годзе.
Пра папярэдні варыянт перапіснога ліста Свабодзе расказала начальніца ўпраўлення дэмаграфічнай статыстыкі Белстату Тацяна Бабук.

Колькі хочаце дзяцей?


Старшыня Белстату Іна Мядзведзева раней заяўляла, што сярод новых пытанняў будзе пытанне пра «дэмаграфічныя ўстаноўкі». Бабук тлумачыць: мяркуецца, будуць пытаць ня толькі пра колькасць дзяцей на момант перапісу, але і нешта накшталт «ці збіраецеся вы мець дзяцей і калі так, то колькі».
Пытанне важнае, бо ў студзені-верасьні 2016 году ўпершыню з 1992-га ў Беларусі быў зафіксаваны натуральны прырост насельніцтва (на 518 чалавек).

Да чаго давучыліся?


Пашырацца і пытаньні пра адукацыю. Цяпер сярод варыянтаў адказаў будзе ня проста «вышэйшая адукацыя», а яе ступені: бакалаўрыят, магістратура, аспірантура, дактарантура, кандыдат навук, доктар навук.
«Мяркуецца спытаць, у якой краіне атрымлівалі адукацыю, — дадае Бабук. — Але гэта толькі праект».

Што вырошчваеце на лецішчы?


У перапісе-2019 збіраюцца спытаць пра асабістую гаспадарку. Старшыня Белстату раней казала не хвалявацца: маўляў, пералічваць дрэвы на ўчастку ня будуць і новага падатку ад гэтага не прыдумаюць.
«Сельскагаспадарчых перапісаў не праходзіла ў Беларусі ні разу, — тлумачыць Бабук. — Калі ўжо шмат якія краіны СНД іх правялі (тая ж Расея сёлета), то мы яшчэ не. Таму спіс пытанняў будзе даволі малы. Папярэдне мяркуецца спытаць пра плошчу зямельнага ўчастку, пра тое, што вырошчваюць, якія дрэвы. Такога кшталту пытанні, літаральна на адну старонку».

Спытаюць пра мову і нацыянальнасць, але не пра веру


Пытаньні пра мову і нацыянальнасць плануецца пакінуць такімі ж, як у перапісе-2009. Тады пыталі пра ўласнае разуменне сваёй нацыянальнасці: можна было назвацца, напрыклад, беларусам, палякам, габрэем, палешуком, літвінам ці гобітам. Пра мову было тры пытанні: якая мова родная, на якой мове рэспандэнт размаўляе дома, якімі мовамі вольна валодае.
Пытання пра веравызнанне не было ў 2009 годзе, не плануецца і ў 2019-м.
Але мае з'явіцца пытанне ня толькі аб пражыванні за мяжой, але і аб працы (працоўнай міграцыі).

Перапісваць будуць студэнты, пенсіянеры і беспрацоўныя


Да працы на перапісе збіраюцца прыцягнуць работнікаў дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, студэнтаў, пенсіянераў, а то і беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў органах па працы, казала раней Мядзведзева.
У час перапісу 2009 году студэнты скардзіліся на прымус да працы на перапісе насельніцтва. Тады за перапіс плацілі 50 долараў. У 2019 годзе дадатковых выплат не плануецца, але перапісчыкам абяцаюць кампенсаваць заробкі ці стыпендыі за час удзелу ў перапісе, а таксама дазволіць бясплатны праезд на грамадскім транспарце.
Прымусова да перапісу абяцаюць не прыцягваць ні ў якім разе, запэўнівае Бабук. Проста магчыма, што нехта з пенсіянераў ці беспрацоўных захоча ўзяць удзел у перапісе.
svaboda.org