Упершыню герб Пагоня можа паўстаць ў выглядзе статуэтак!
Дызайнер Даніл Барташук з дапамогаю краудфандынгавай пляцоўкі збірае сродкі на стварэнне Пагоні ў выглядзе 3D-мадэлі і статуэтак.

«Дагэтуль Герб Пагоня існаваў толькі ў аднабокіх малюнках і барэльефах. Шмат гадоў я жадаў сабе абʼёмную, “жывую” выяву Пагоні на манітор і сапраўдную статуэтку. Але ішоў час і акрамя варыяцый на графічную выяву нічога цікавага не зʼяўлялася», – піша аўтар.
На платформе talaka.by распачаўся збор грошаў, якія пойдуць на аптымізацыю 3D-мадэлі, 3D-друк прататыпа і ўдасканальванне майстар-мадэлі, вытворчасць статуэтак, падарункі ахвярадаўцам, а таксама на падаткі і камісіі.

Ахвяраваўшы 70 рублёў можна будзе атрымаць асабістую падзяку і максімальную зніжку на будучыя статуэткі. Тым жа, хто ахвяруе 300 рублёў і больш аўтар праекту падорыць статуэтку Пагоні.
«Усе выявы 3D Пагоні можна будзе выкарыстоўваць цалкам вольна. Ніякіх прэтэнзіяў на аўтарскія правы я не маю, бо гэта старажытны нацыянальны герб у эталонным выкананні Яўгена Кліка, – піша Даніл Барташук. – Я дадаў Пагоне абʼём. Цяпер прыйшоў час зрабіць сапраўдную статуэтку. Які беларускі патрыёт не жадаў бы сабе такую?».
Паводле belsat.eu