У абарону беларускай мовы на этыкетках сабралі тысячу подпісаў

Як сказаў Свабодзе ініцыятар петыцыі юрыст Ігар Случак, петыцыя створаная, каб «спыніць дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы ў сферы гандлю і паслуг» — каб інфармацыя даводзілася да спажыўца абавязковым чынам на рускай і беларускай мовах.

2b86cdcd_cacc_420f_a4fe_bb0fad409aa8_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Зварот на сайце Petitions.by супраць забароны пісаць на этыкетках тавараў толькі па-беларуску (хоць толькі па-руску — можна) набраў больш за 1000 подпісаў.
У Беларусі ёсьць Канстытуцыя і закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», якія гарантуюць роўнасць беларускай і рускай моў.
Але ёсць і нацыянальны стандарт Беларусі СТБ 1100-2016: «інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на рускай або рускай і беларускай мовах» (г. зн. рускую адкідаць нельга, беларускую можна), а таксама тэхнічны рэгламент Мытнага саюза ТР ТС 005/2011 «Аб бяспецы ўпакоўкі», які патрабуе абавязковай інфармацыі на рускай мове і дзяржаўных мовах краіны «пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў».
Змены ў беларускія правілы, каб тыя патрабавалі і беларускай мовы на этыкетках, у свой час падтрымаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка: маўляў, «як грамадзянін Рэспублікі Беларусь і дэпутат цалкам падтрымліваю ініцыятывы па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы».
Аўтары петыцыі адзначаюць, што ў такой рэдакцыі закона, якая патрабавала б беларускай мовы як абавязковай, вытворцы не толькі з Беларусі, але і з іншых дзяржаў Мытнага саюза, што рэалізуюць прадукцыю на тэрыторыі Беларусі, будуць абавязаныя пазначаць прадукцыю па-беларуску і па-руску, рэалізуючы тым самым норму арт. 17 Канстытуцыі Беларусі.
Некаторыя вытворцы наракаюць, што пісаць дадаткова па-беларуску будзе дорага, але ў петыцыі цытуюць словы генеральнага дырэктара «Лідскага піва» Аўдруса Мікшыса: на яго прадпрыемстве «аддрукаваная этыкетка захоўваецца на складзе максімум некалькі месяцаў, затым мы друкуем новую», таму «дадаць беларускую мову не складана, гэта тым больш нічога не каштуе ў параўнанні з павагай да роднай мовы».
Радыё Свабода