Валанцёры будуць змагацца за прызнанне правоў жывёл

Беларусь павінна стаць больш цывілізаванай і камфортнай для жыцця і людзей, і жывёл, лічаць сябры ініцыятывы «Мы з табой у адным Доме».

54376572.jpg

Грамадзянская ініцыятыва «Мы з табой у адным Доме» — людзі самых розных палітычных і рэлігійных поглядаў, якія перакананыя, што нашай краіне неабходныя:
- Далучэнне да еўрапейскіх канвенцый па абароне жывёл. - Змена 137-га артыкула ГК РБ, каб знік статус жывёл як маёмасці. - Адмова ад раней прапанаванага праекта закона «Аб абыходжанні з жывёламі». - Распрацоўка і прыняцце закона «Аб абароне жывёл» з улікам меркавання абаронцаў жывёл і стандартаў цывілізаванага грамадства.
«Валанцёрамі і ўсімі прадстаўнікамі зоаабарончай супольнасці ўжо праведзеная велізарная праца. Але, на жаль, да гэтага часу ніхто не сфармуляваў ключавыя задачы, без рашэння якіх немагчыма рашэнне ніводнай прыватнай праблемы. Мы прапануем аб'яднаць намаганні і патрабуем комплекснага падыходу да вырашэння праблем на заканадаўчым узроўні», — адзначаецца ў прэс-рэлізе ініцыятывы.
У межах кампаніі плануецца правядзенне круглых сталоў, запіс відэа-зваротаў да самых розных грамадскіх і сацыяльных груп. Ужо запісаны зварот да Арцыбіскупа-мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, ідзе праца над зваротам да мусульман, іудзееў, і да прадстаўнікоў улады, збор «жывых» подпісаў на вуліцах гарадоў, сустрэчы з чыноўнікамі, якія непасрэдна адказваюць за палітыку ў галіне абароны жывёл.