У Беларусі цяпер можна працаваць мадэллю з 14 гадоў

21 лютага была афіцыйна апублікаваная пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 20 студзеня №5, якая змяняе пералік лёгкіх відаў працаў, якія могуць выконваць падлеткі ў веку 14-16 гадоў, паведамляе «Белсат».

pryg.jpg

Спіс дапоўнены ўдзелам у падзеях мадэльнай дзейнасці. Гэтак, падлеткам цяпер можна хадзіць на кастынг, пазіраваць, здымацца на фота ды відэа, удзельнічаць у дэфіле, прымерках, рэпетыцыях, дэманстрацыях, перадпаказах і паказах вопраткі, прычосак, аксесуараў і іншага, эксперыментах у стварэнні новых мадэляў.
Дакумент уступае ў моц пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў 21 лістапада 2019 года ўказ № 423 «Аб мадэльнай дзейнасці». Дакумент упершыню ў Беларусі стварыў прававыя асновы рэгулявання мадэльнай сферы.
Дакумент накіраваны на развіццё ў краіне мадэльнай дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоваў для ўдасканалення работы Нацыянальнай школы прыгажосці.
Ва ўказе былі канкрэтызаваныя значэнні і вызначэнні тэрмінаў, звязаных з мадэльнай дзейнасцю, замацаваныя праваадносіны паміж мадэльным агенцтвам і мадэллю, вызначаныя асаблівасці заключэння кантрактаў для непаўналетніх асобаў.
Дакументам пашыраюцца функцыі і віды эканамічнай дзейнасці Нацыянальнай школы прыгажосці, устанаўліваецца парадак пакрыцця бюджэтных сродкаў, выдаткаваных школай на навучанне мадэлі.