У Беластоку перайменавалі вуліцу Лупашкі, чый атрад спаліў беларускую вёску

Гарадская рада Беластоку пастанавіла змяніць назву вуліцы, якая насіла імя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», польскага антыкамуністычнага падпольшчыка. Гісторыкі кажуць, што яго падначаленыя забівалі беларусаў у вёсках Беласточчыны, піша «Свабода».

a1ee778f_6d37_426e_872f_70547b666586_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg

Як паведамляе карэспандэнт радыё Tok FM, за змену назвы вуліцы прагаласавалі 13 дэпутатаў, 12 былі супраць. Цяпер былая вуліца Лупашкі будзе называцца Падляскай. Назваць адну з вуліц Беластоку ў гонар Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі» гарадская рада пастанавіла ў красавіку 2018 года.

Супраць надання вуліцы ў Беластоку імя Лупашкі летась выступалі мясцовыя людзі, як беларусы, так і палякі. На вуліцы Лупашкі невядомыя пісалі на агароджах «Забойца» і клеілі налепкі. Польскія нацыяналісты нават патрулявалі вуліцу з мэтай абараніць шыльды ад нязгодных.

fe4f05ab_a68f_463e_8649_c84f19325713_w1597_n_r0_st.jpg

10 траўня 1945 года польскія падпольшчыкі, падначаленыя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», спалілі на Беласточчыне беларускую вёску Вілюкі. Быў забіты жыхар вёскі Васіль Германюк. 22 траўня падначаленыя Лупашкі спалілі вёску Патокі.

Падчас пажару загінулі трое дзяцей — Мікалай Герасімчук (10 гадоў), Ніна Герасімчук (8 гадоў) і Яўгенія Герасімчук (6 гадоў). За тыдзень да гэтага той самы атрад расстраляў чатырох жыхароў Патокаў — Яна Бекіша, ягонага 15-гадовага сына Уладзімера, а таксама братоў Яна і Уладзімера Малашэўскіх. Іх абвінавацілі ў сімпатыях да камуністычнай улады.

www.svaboda.org